Дакументальная выстава «Савецкая і Заходняя Беларусь: раз’яднаныя, але адзіныя»

Дзень народнага адзінства, які адзначаецца штогод 17 верасня – дзяржаўнае свята Рэспублікі Беларусь, зацверджанае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі № 206 ад 7 чэрвеня 2021 г.

Увядзенне ў каляндар памятных і знамянальных падзей у гісторыі Рэспублікі Беларусь дня 17 верасня – гэта даніна памяці сотням і тысячам беларусаў, якія не змірыліся з несправядлівасцю Рыжскага мірнага дагавора 1921 г., які падзяліў краіну, і змагаліся за яе ўз’яднанне.

17 верасня 2024 года ў Савеце Рэспублікі Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адкрыў дакументальную выставу «Савецкая і Заходняя Беларусь: раз’яднаныя, але адзіныя», прысвечаную Дню народнага адзінства і 85-й гадавіне ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

НАРБ прадставіў на выставе ўнікальны дакументальны матэрыял: дэкларацыю Беларускага Народнага сходу па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі; Дэкларацыю Беларускага Народнага сходу аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб дзяржаўнай уладзе; пастановы ЦК УКП(б) і СНК БССР аб пераходзе на савецкую валюту ў заходніх абласцях БССР; тэлеграмы першага сакратара ЦК КП(б) П.Панамарэнкі, накіраваныя І.Сталіну; пастановы ЦК УКП(б) і СНК БССР аб раянаванні заходніх абласцей БССР; спісы і даведкі аб газетах, якія выдаюцца ў раёнах Заходняй Беларусі, і іх тыражах.

Дакументы, прадстаўленыя на выставе, адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі восені 1939 г.

28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі – фактычна, народны рэферэндум пра будучыню заходне-беларускага рэгіёну. Прынятыя на ім дакументы адыгралі важную ролю ў далейшым развіцці беларускай дзяржаўнасці, эканомікі, культуры і адукацыі.

Загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі М.А.Старасценка азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з унікальнымі дакументамі архіва.

У рамках правядзення выставы адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў «Савецкая і Заходняя Беларусь: раз’яднаныя, але адзіныя». У зборніку распавядаецца аб цяжкiм становішчы заходне-беларускіх зямель у складзе Польшчы, аб барацьбе беларусаў за сваё адзінства.

Кнігу прадставіў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь С.В.Кулінок. Першыя падарункавыя асобнікі кнiгi былі ўручаны ўдзельнікам мерапрыемства.

 

1. Дакументальная выстава ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
2. Загадчык аддзела М.А.Старасценка прадстаўляе архіўныя дакументы
3. Загадчык аддзела М.А.Старасценка прадстаўляе архіўныя дакументы
4. Маладзёжны парламент пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь азнаёміўся з дакументамі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь
5. Загадчык аддзела М.А.Старасценка знаёміць удзельнікаў пасяджэння з архіўнымі дакументамі
6. Загадчык аддзела М.А.Старасценка знаёміць удзельнікаў пасяджэння з архіўнымі дакументамі
7. Архіўныя дакументы на выставе
8. Архіўныя дакументы на выставе