Юбілей З. Астаповіч-Бачаровай у БДАМЛМ
29 лістапада 2023 года ў залах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё выставы і круглы стол да 125-годдзя з дня нараджэння Зінаіды Астаповіч-Бачаровай (1898—1993); сабраліся родныя мастачкі, даследчыкі, усе зацікаўленыя, каб ушанаваць памяць мастачкі і яе значны ўклад у сферу культуры.
Выстава з фондаў БДАМЛМ «Закаханая ў творчасць», падрыхтаваная адмыслова да юбілейных падзей, дэманструе мастацкую спадчыну З.Астаповіч-Бачаровай. Унучка мастачкі Алена Дзмітрыеўна Смірнова і мастацтвазнаўца Надзея Міхайлаўна Усава дапамаглі прысутным даведацца больш пра Зінаіду Астаповіч-Бачарову, распавялі пра яе мастацкія густы і жыццёвыя звычкі.
Для ўдзельнікаў круглага стала была арганізавана экскурсія ў фондасховішчы архіва-музея, дзе спецыялісты змаглі абмеркаваць пытанні захаванасці дакументаў і твораў мастацтва.
У межах мерапрыемства былі прэзентаваны і перададзены ў фонды БДАМЛМ кніга «Зінаіда Астаповіч-Бачарова» (аўтар – Усава Н.М.), а таксама паштоўкі з выявамі карцін мастачкі. Фільм «Мне – 91 год» (сцэн., рэж. У. Сцяпан) стаў кульмінацыяй імпрэзы.