«ВОСЕНЬ 1939 года». Выставачны праект да Дня народнага адзінства
13 верасня 2023 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Восень 1939 года», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да Дня народнага адзінства.
7 чэрвеня 2021 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ Аб унясенні змяненняў у пералік дзяржаўных святаў краіны ў сувязі з установай новага свята – Дня народнага адзінства, якое адзначаецца штогод 17 верасня.
Дзень народнага адзінства сімвалізуе сабой мудрасць, пераемнасць пакаленняў, непахіснасць дзяржаўнасці. Гэты дзень вяртае нас да гістарычнай даты 17 верасня 1939 г., калі адбылася лёсавызначальная падзея ў гісторыі беларускага народа – ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, якое стала актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да нашых продкаў. Падзелены па-жывому Рыжскім мірным дагаворам 1921 г., народ нарэшце ўз’яднаўся, атрымаўшы магчымасць развівацца ў межах адной рэспублікі. Таму 17 верасня па праву называюць пунктам адліку новай гісторыі адзінага беларускага народа.
Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Адноўленае ў 1939 г. адзінства дазволіла Беларусі ў далейшым выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму святкаванне Дня народнага адзінства заклікае нас памятаць, з якой працай нашы продкі дамагаліся яднання, незалежнасці і права называцца народам, павагі і прызнання на міжнароднай арэне.
У рамках мерапрыемства Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе ўнікальны дакументальны матэрыял па гэтай тэме: Дэкларацыю Беларускага Народнага сходу па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, Дэкларацыі Беларускага Народнага сходу аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб дзяржаўнай уладзе, пастановы ЦК ВКП (б) і СНК БССР аб пераходзе на савецкую валюту ў Заходніх абласцях БССР, тэлеграмы першага сакратара ЦК КП(б) П.Панамарэнкі, накіраваныя І.Сталіну, пастановы ЦК ВКП(б) і СНК БССР аб раянаванні Заходніх абласцей БССР, спісы і даведкі аб газетах і іх тыражах, якія выдаюцца ў раёнах Заходняй Беларусі, справаздачы аддзелаў агітацыі і прапаганды Беластоцкага АК КП(б)Б аб адкрыцці бібліятэк, спісы літаратуры, якая пасылаецца ў Заходнюю Беларусь, а таксама перыядычны друк, афішы кінатэатраў, агітплакаты таго часу.