12 верасня 2023 года напярэдадні Дня народнага адзінства ў чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» адбылося ўрачыстае мерапрыемства

12 верасня 2023 года напярэдадні Дня народнага адзінства ў чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» адбылося ўрачыстае мерапрыемства.

З гістарычным аглядам аб падзеях 17 верасня 1939 г. і іх значэнні ў гісторыі нашай краіны выступіў дырэктар архіва Сушчэвіч А.М. У сваім дакладзе ён адзначыў, што свята было заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2021 года нумар 206 і адзначаецца штогод 17 верасня.

Андрэй Мікалаевіч падкрэсліў, што Дзень народнага адзінства – значная падзея ў лёсе нашай краіны і ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны і заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаўшы адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Падрабязнае апавяданне пра знакавыя гістарычныя падзеі, якія прывялі да стварэння моцнай незалежнай беларускай дзяржавы, суправаджалася прэзентацыяй «Вытокі свята Дня народнага адзінства». Падчас прэзентацыі супрацоўнікі архіва азнаёміліся з унікальным дакументам: рашэннем Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных ад 7 верасня 1945 года «Аб падрыхтоўцы і правядзенні 17 верасня дня ўз’яднання Беларускага народа ў адзінай Савецкай Беларускай дзяржаве», які дэманструецца ўпершыню. Дадзеная тэма выклікала жывую цікавасць працаўнікоў архіва.

Акрамя таго, 16 і 17 верасня калектыў архіва плануе ўзяць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню народнага адзінства і Дню горада.