22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22 чэрвеня – адна з самых трагічных дат у гісторыі Беларусі. У гэты дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна. Сёння, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, работнікі Нацыянальнага архіва ўшанавалі памяць людзей, хто цаной свайго жыцця захаваў мір на нашай зямлі. Перад работнікамі архіва выступіў дырэктар А.К.Дзямянюк, які адзначыў трагізм усіх войн у гісторыі чалавецтва. Занадта дарагім коштам дасталіся нам Перамога, мір на нашай беларускай зямлі – кожны трэці беларус загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 12 гадзін работнікі архіва ўшанавалі памяць загінуўшых суайчыннікаў і далучыліся да рэспубліканскай акцыі – Усебеларускай хвіліны маўчання.

У гэты ж дзень група работнікаў Нацыянальнага архіва – прадстаўнікі пярвічных грамадскіх арганізацый прафсаюза, ГА «Беларускі саюз жанчын», ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», ГА «Белая Русь», ГА «Беларускае таварыства архівістаў», наведалі Мемарыял «Мемарыяльны комплекс Трасцянец урочышча Благаўшчына» і прайшлі «Дарагой смерці» масавага знішчэння людзей да ўрочышча Благаўшчына.

Трасцянец» аб’ядноўвае месцы масавага знішчэння людзей: лагер смерці з аднайменнай назвай, урочышча Шашкоўка і ўрочышча Благаўшчына. «Трасцянец» быў адным з найбуйнейшых лагераў смерці, арганізаваных фашыстамі на тэрыторыі Еўропы ў гады Другой сусветнай вайны. Па дадзеных, пазначаных на пліце ля ўваходу ў Мемарыял, тут загінулі і пахаваны 206 500 чалавек. Але, паводле апошніх звестак, прадстаўленых органамі пракуратуры па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тут загінула каля 500 000 чалавек. Роўна апоўдні работнікі архіва ўшанавалі хвілінай маўчання памяць усіх загінуўшых ва ўрочышчы Благаўшчына і ўсклалі кветкі да Манумента.

У гэты яркі, сонечны дзень цяжка ўявіць, што на беларускай зямлі адбываліся жахлівыя факты – фашысты знішчалі людзей рознага ўзросту, нацыянальнасці, веравызнання. І хай сёння, які лунаў над Мемарыялам у чыстым блакітным небе бусел, сімвалізуе Мір і Стварэнне ў нашай краіне.