Аднаўленне дзейнасці Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Магілёўскай вобласці пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі
8 траўня адзначаецца Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» прадстаўляе вашай увазе копію рашэння Магілёўскага аблвыканкама ад 17 чэрвеня 1944 года «Аб арганізацыі працы санітарна-эпідэмічнага атрада Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, вызваленай ад нямецкай акупацыі».
Сваю дзейнасць арганізацыя аднавіла ў той час, калі яшчэ не завяршылася вызваленне вобласці ад акупацыі. Першымі крокамі стала фармаванне санітарна-эпідэмічных атрадаў для барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі ў вызваленых раёнах. У іх работу ўваходзіла правядзенне прафілактычных прышчэпак насельніцтву, санітарная апрацоўка, ачыстка населеных пунктаў і крыніц водазабеспячэння.
Удзел Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца меў немалое значэнне ў пераадоленні наступстваў ваеннага часу і больш хуткім пераходзе да мірнага жыцця.
Аляксей Іванавіч Швыроў, архівіст I кваліфікацыйнай катэгорыі аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі
Спіс выкарыстаных крыніц: Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» (ГАМог), Фонд 892, Оп.1, Д. 1, Л. 3.