Аб удзеле ўстановы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» у адкрыцці музейнай экспазіцыі, прысвечанай Міхаілу Пташуку, у сярэдняй школе № 224 г.Мінска
Міхаіл Мікалаевіч Пташук – беларускі рэжысёр, які здолеў расправіць крылы айчыннаму кінематографу. Яго экранізацыі твораў У.Быкава, І.Шамякіна, У.Багамолава сталі класікай кіно, эталонам рэжысёрскай і акцёрскай працы. За сваю творчую біяграфію наш суайчыннік зняў больш за 30 фільмаў.
Міхаіл Пташук ствараў фільмы розных жанраў – ад прыгодніцкіх тэлесерыялаў да глыбока псіхалагічных стужак. У кожным фільме, знятым паводле твораў беларускіх пісьменнікаў, была часціца яго самога.
На творчай спадчыне рэжысёра выхавана не адно пакаленне гледачоў, і сучасная моладзь не застаецца ўбаку. 6 лютага ў сярэдняй школе № 224 г. Мінска адбылося адкрыццё музейнага пакоя, прысвечанага Міхаілу Пташуку. Месца было выбрана не выпадкова – школа знаходзіцца на вуліцы, якая носіць імя мэтра ігравога кіно.
На ўрачыстае мерапрыемства былі запрошаны родныя і сябры Міхаіла Пташука: дачка Анжаліка Пташук, народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, заслужаны дзеяч мастацтваў Валерый Анісенка. Апавяданні і ўспаміны людзей, якія блізка ведалі Міхаіла Мікалаевіча, раскрылі яго як добрага, спагадлівага чалавека, цудоўнага апавядальніка і хлебасольнага гаспадара.
Пры стварэнні музейнай экспазіцыі былі выкарыстаны дакументы з фондаў установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (далей-БДАКФФД): 25 адзінак захоўвання фотадакументаў і 7 адзінак захоўвання відэадакументаў агульным хранаметражам 9 хвілін. Усе дакументы адлюстроўваюць моманты са здымкаў фільмаў, рэжысёрскую працу, успаміны сям’і і сяброў. У сваім выступленні дырэктар БДАКФФД Андрэй Мікалаевіч Ганчар адзначыў высокую духоўнасць твораў Міхаіла Пташука, такую неабходную для выхавання маладога пакалення.
Таксама па выніках сустрэчы былі дасягнуты шэраг дамоўленасцей з кіраўніцтвам сярэдняй школы № 224 і аддзела адукацыі Ленінскага раёна аб сумесных праектах і мерапрыемствах.