10 студзеня 2023 г. у Палацы Рэспублікі адбылася цырымонія ўручэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь»
10 студзеня 2023 г. у Палацы Рэспублікі адбылася цырымонія ўручэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Прэмія ўручаецца Кіраўніком дзяржавы штогод за выдатныя дасягненні ў галіне музычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музейнай справы, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі.
Па выніках 2022 года за стварэнне і прасоўванне сярод шырокай аўдыторыі агульнадаступнай базы даных аб партызанах і падпольшчыках, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і інфармацыйнага інтэрнет-партала «Партызаны Беларусі» спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ўручана дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» і Установе Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сёння».
Сумесны праект Выдавецкага дома «Беларусь сёння» і дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» «Партызаны Беларусі» створаны з мэтай патрыятычнага выхавання моладзі, павышэння грамадзянска-патрыятычнага ўзроўню насельніцтва, актывізацыі пошукавай работы.
Больш за чатыры гады вялася праца па стварэнні і напаўненні гэтага ўнікальнага партала. На сённяшні дзень у базе даных змяшчаецца больш за 196 000 асабістых электронных картак партызан. Сярод іх карыстальнікі могуць знайсці сваіх гераічных сваякоў і землякоў, якія прымалі ўдзел у партызанскай барацьбе, азнаёміцца з адсканаванымі дакументамі ў высокай якасці (узнагароднымі лістамі, баявымі характарыстыкамі, лістамі), даведацца пра новыя факты аб партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі, падзяліцца гістарычнымі дакументамі і фатаграфіямі з сямейных архіваў.
Праект з першых дзён карыстаецца вялікай папулярнасцю. З моманту запуску яго наведала больш за 600 тысяч карыстальнікаў са 100 краін свету (найбольшая колькасць наведвальнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Казахстана, Германіі, Ізраіля, Латвіі, Польшчы, Вялікабрытаніі).
Распрацавана сістэма адміністравання інтэрнэт-партала, здольная аўтаматызаваць працэсы ўнясення і пошуку даных з аблічбаваных копій. Адсканаваныя дакументы, якія паступаюць з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, аўтаматычна фарміруюць новыя электронныя карткі партызан, а ўнясенне дадзеных у іх ажыццяўляюць супрацоўнікі Выдавецкага дома «Беларусь сёння» пад кіраўніцтвам гісторыкаў і супрацоўнікаў архіва.
Акрамя базы дадзеных, інтэрнэт-партал «Партызаны Беларусі» ўключае кароткую гісторыю партызанскага і падпольнага руху у Беларусі, дадзеныя аб партызанскіх фармаваннях, партызанскі фоталетапіс, біяграфічныя звесткі аб беларускіх партызанах – Героях Савецкага Саюза, легендарных камбрыгах, баях і бітвах, звязаных з партызанскім рухам. На аснове гістарычных дакументаў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у падрыхтоўцы больш як 400 матэрыялаў аб партызанскім руху Беларусі.
Літаральна ў канцы 2022 года ў партал быў дададзены новы раздзел «Карты» для размяшчэння дакументаў картаграфічнага характару.
У падтрымку праекта Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь удзельнічаў у прэзентацыі некалькіх дзесяткаў перасоўных інтэрактыўных выставак у абласных цэнтрах, шэрагу раённых цэнтраў, воінскіх часцях, на буйных рэспубліканскіх мерапрыемствах, а пры падтрымцы Міністэрства адукацыі практычна ва ўсіх дзяржаўных ВНУ краіны.
Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сардэчна віншуе калектыў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь з высокай адзнакай іх працы на найвышэйшым дзяржаўным узроўні.
Сімвалічна, што спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ўручана па выніках 2022 года – Года гістарычнай памяці, 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, 95-годдзя Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.