Тэматычная вечарына «Мікола Нікановіч – пісьменнік з Кленніка»
17 лістапада 2022 г. у Смалявіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася тэматычная вечарына «Мікола Нікановіч – пісьменнік з Кленніка», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратара.
Вядоўца, паэт і супрацоўнік бібліятэкі Аляксандр Марозаў, прадэманстраваў відэапрэзентацыю, прысвечаную жыццю і творчасці М. Нікановіча. Кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль пазнаёміў прысутных з дакументамі пісьменніка, якія захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ. Магістр філалагічных навук, загадчыца аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык расказала пра асвятленне асобы Міколы Нікановіча ў рамках праектаў «На хвалі часу, у плыні жыцця» і «Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю». З асаблівай цікаўнасцю слухала публіка сямейныя ўспаміны Яўгеніі Адамаўны Дзяркач, паэткі-аматаркі, майстрыхі абрэзкавага шыцця, пляменніцы Міколы Нікановіча. Наведнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца і з выданнямі твораў пісьменніка, што экспанаваліся на адным з бібліятэчных стэндаў.
На заканчэнне імпрэзы дырэктар бібліятэкі Святлана Чэрваненка выказала шчырае спадзяванне, што добрая традыцыя ўшанавання памяці пісьменнікаў-землякоў у раённых бібліятэчных і адукацыйных установах будзе мець плённы працяг.