Да 105-годдзя празаіка, перакладчыка, публіцыста, народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Янкі Брыля (1917-2006)
Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся 4 жніўня (22 ліпеня) 1917 г. у г. Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў у вёску Загор’е Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1931 г. скончыў сямігадовую школу і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог там вучыцца з-за матэрыяльных абставін. Займаўся самаадукацыяй, працаваў на гаспадарцы.
У сакавіку 1939 г. быў прызваны ў польскую армію, служыў у марской пяхоце. У верасні трапіў у палон, знаходзіўся ў лагеры для палонных у Памераніі, потым у Баварыі. Восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. – сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. – партызан-разведчык брыгады “Камсамолец” і рэдактар газеты “Сцяг свабоды”, наладзіў выданне пры гэтай газеце сатырычнага лістка “Партызанскае жыгала”. Пасля вызвалення Мірскага раёна працаваў рэдактарам раённай газеты. У кастрычніку 1944 г. пераехаў у Мінск.
У 1944-1949 гг. – літсупрацоўнік у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” (“Вожык”). У 1950-1951 гг. быў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З лютага па кастрычнік 1953 г. працаваў намеснікам рэдактара часопіса “Маладосць”. У 1959-1961 гг. – намеснік рэдактара часопіса “Полымя”. У 1966-1971 гг. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1963-1967 і 1980-1985 гг. абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Узнагароджаны 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені, “Дружбы народаў”, “Знак Пашаны”, шматлікімі ганаровымі граматамі і медалямі. Лаўрэат дзяржаўных і літаратурных прэмій.
Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945 г. Народны пісьменнік Беларусі (1981). Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994).
Памёр 25 ліпеня 2006 г.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд пісьменніка (№ 59), які прадстаўлены рукапісамі (аповесці, апавяданні, вершы, нарысы, фельетоны, артыкулы, нататкі, зборнікі лірычных мініяцюр, выступленні, успаміны, пераклады), перапіскай, дакументамі да біяграфіі Я. Брыля (асабістыя дакументы, дакументы грамадскай, літаратурнай і дэпутацкай дзейнасці) і пра яго (артыкулы, нарысы, інтэрв’ю і інш.), калекцыяй фатаграфій.
1. Я. Брыль. 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 456. Л. 6. |
2. Я. Брыль. “Слёзы” (“Падкуты бот”=“Чалавек сабе ідзе”). Апавяданне. Варыянт. Аўтограф. 1942-1943 гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 12. Лл. 1-1адв. |
3. Я. Брыль. “Партызанская сенажаць”. Верш. Аўтограф. Чэрвень 1944 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 42. Лл. 1-1адв. |
4. Я. Брыль. “Напярэдадні”. Нататка. Газета “Сцяг свабоды”. 15 чэрвеня 1944 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 45. Лл. 4-4адв. |
5. Я. Брыль сярод удзельнікаў Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ва Узбекістане. 23 красавіка 1966 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 497. Л. 1. |
6. Я. Брыль у Індыі. 1967 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 532. Л. 4. |
7. Я. Брыль падчас збору матэрыялаў для кнігі “Я з вогненнай вёскі…”. 1971-1973 гг. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 499. Лл. 1, 2. |
8. М. Танк уручае Я. Брылю новы білет члена Саюза пісьменнікаў СССР. Студзень 1980 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 2. Адз. зах. 463. Л. 1. |
9. Пасведчанне Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні ганаровага звання “Народны пісьменнік БССР” Я. Брылю. 13 красавіка 1981 г. БДАМЛМ. Ф. 59. Воп. 3. Адз. зах. 382. Лл. 1-2. |
10. М. Мушынскі, Н. Гілевіч і Я. Брыль у БДАМЛМ на канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю А. Бабарэкі. Кастрычнік 1999 г. |