У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага тыдня архіваў на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, пачала сваю працу віртуальная выстаўка “Партызанскія малюнкі”

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага тыдня архіваў і Года гістарычнай памяці, на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі пачала сваю працу віртуальная выстаўка «Партызанскія малюнкі», прысвечаная ранняй творчасці заслужанага архітэктара БССР Яўгена Канстанцінавіча Дзятлава, станаўленне якога як мастака-архітэктара прыпадае на ваенныя гады.

Яўген Канстанцінавіч Дзятлаў нарадзіўся 17 мая 1923 г. у вёсцы Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.

У чэрвені 1941 г. Я. К. Дзятлаў скончыў сярэднюю школу №20 г. Мінска. Выпускны вечар адбыўся 21 чэрвеня. Ён марыў стаць мастаком, але замест пэндляў і алоўкаў 18-гадоваму хлопцу прыйшлося ўзяць у рукі вінтоўку. Ужо восенню 1941 г. ён апынуўся ў партызанскім атрадзе «Полымя», пасля пераўтвораным у брыгаду.

У рэдкія хвіліны адпачынку ён маляваў партрэты сяброў, стараўся адлюстраваць партызанскі побыт. Гэтыя замалёўкі захаваліся да нашага часу і сталі гістарычнымі дакументамі.

Матэрыялы выставы даступны па спасылцы.