У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь прайшоў майстар-клас «Падшыўка спраў»

У рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню архіваў, аддзелам навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» 8 чэрвеня 2022 г. праведзены майстар-клас «Падшыўка спраў».

Загадчык аддзела Скамарошчанка В.В. разгледзела тэарэтычныя пытанні, якія тычацца падшыўкі спраў, расказала аб арганізацыі працэсу работы па гэтаму напрамку ў адпаведнасці з Рабочай інструкцыяй па правядзенні пераплётных работ у ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь». Асобна былі разгледжаны неабходныя для падшыўкі матэрыялы і патрабаванні да іх.

Вядучы архівіст Курдэка Т.І. прадэманстравала ўдзельнікам, як падшываюцца справы, і падзялілася прафесійнымі «фішкамі».
Затым у кожнага ўдзельніка была магчымасць замацаваць атрыманыя веды на практыцы і самастойна падшыць справу, а таксама задаць пытанні.

Сярод удзельнікаў майстар-класа былі калегі з Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Маладзечне, прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці і рэлігійнай арганізацыі «Сястрынства ў гонар прападобнапакутніцы Вялікай княгіні Елісаветы в. Лысая гара Мінскага раёна Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы».

Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, якія пацвярджаюць удзел у майстар-класе.

Пасля майстар-класа намеснік дырэктара архіва Стуканава А.А. правяла для ўдзельнікаў аглядную экскурсію па Нацыянальным архіве і азнаёміла з асноўнымі напрамкамі работы. Экскурсія выклікала цікавасць і захапленне работай, якую прводзіць архіў па захаванні, камплектаванні і папулярызацыі архіўных дакументаў.

Удзельнікі падзяліліся станоўчымі водгукамі і выказалі зацікаўленасць у правядзенні такіх мерапрыемстваў.