Ва ўстанову «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» перададзены дакументы ад кіраўніка грамадскага аб’яднання «Віцебскі патрыятычны клуб “Пошук”» Бруевай Ларысы Навумаўны
Ва ўстанову «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» перададзены дакументы ад кіраўніка грамадскага аб’яднання «Віцебскі патрыятычны клуб “Пошук”» Бруевай Ларысы Навумаўны.
Значная для архіўнай установы падзея адбылася 24 лютага 2022 г. у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці. Месца для яго правядзення было абрана не выпадкова: доўгія гады працоўнай біяграфіі Л.М. Бруевай былі звязаны з гэтай установай.
Бруева Ларыса Навумаўна – член камісіі Віцебскага абласнога савета ветэранаў па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, член Каардынацыйнай Рады Міжнароднай асацыяцыі грамадскіх пошукавых аб’яднанняў «Народная памяць аб абаронцах Айчыны», лаўрэат ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны».
Члены клуба «Шукальнік», якім кіравала Ларыса Навумаўна Бруева, падчас правядзення лыжнага паходу па маршруце Віцебск – Мінск – Салігорск – Любань – востраў Зыслаў – Жлобін – Віцебск былі прыняты ў Мінску ў ЦК КПБ Пятром Міронавічам Машэравым. Гэта сустрэча паклала пачатак пошукавай дзейнасці «шукальнікаў». Дэвізам пошуку сталі словы П. М. Машэрава: «Ні адно імя воіна, партызана, падпольшчыка, ні адно імя жанчыны ці дзіцяці, якія загінулі ахвярай фашызму, не павінна быць абыдзена, упушчана або забыта!».
Не адзін дзясятак гадоў Ларыса Навумаўна прысвяціла захаванню і аднаўленню гістарычнай праўды: арганізоўвала паходы з моладдзю, вахты памяці, а галоўнае – займалася пошукам астанкаў тых загінуўшых салдат і афіцэраў, якія доўгія гады лічыліся прапаўшымі без вестак.
У Дзяржархіў Віцебскай вобласці перададзены дакументы, сабраныя за гады пошукавай работы. Гэта, у першую чаргу, дадзеныя ўсіх байцоў, якіх удалося ўстанавіць падчас пошукаў. Таксама ў архіў адправіліся справаздачы аб праведзеных мерапрыемствах і шматлікія артыкулы (як напісаныя самой Ларысай Бруевай, так і прысвечаныя дзейнасці пашукавікоў і перапахаванню знойдзеных астанкаў савецкіх воінаў).
Дакументы з’яўляюцца важнай дакументальнай крыніцай аб генацыдзе савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.