19 кастрычніка 2017 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя зборнікаў дакументаў і матэрыялаў «Спаленыя вёскі Беларусі. 1941-1944» і «Спаленыя вёскі Расіі. 1941-1944»

19 кастрычніка 2017 года ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя зборнікаў дакументаў і матэрыялаў «Спаленыя вёскі Беларусі. 1941-1944» і «Спаленыя вёскі Расіі. 1941-1944».

Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Спаленыя вёскі Беларусі. 1941-1944» падрыхтаваны ў рамках міжнароднага праекта «Сацыяльная падтрымка людзям, хто выжыў у спаленых беларускіх вёсках 1941-1944 гг», якія ажыццяўляюцца Беларускім фондам міру і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня». У зборнік уключана 212 дакументаў. У іх ліку дакладныя запіскі, даведкі, звесткі, спецпаведамленні ЦК КП(б)б, НКУС БССР, БШПР, мясцовых партыйных і дзяржаўных органаў, партызанскіх фарміраванняў пра злачынствы, учыненыя нямецка-фашысцкімі акупантамі на тэрыторыі Беларусі; загады, дзённікавыя запіскі, паведамленні, справаздачы воінскіх частак і розных арганізацый вермахта, СС, паліцыі і грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі аб правядзенні і выніках карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва, акты абследавання месцаў знішчэння вёсак і насельніцтва.

Зборнік «Спаленыя вёскі Расіі. 1941-1944» падрыхтаваны на аснове дакументаў крымінальных спраў замежных ваеннапалонных, асуджаных у Беларусі ў пасляваенны час за ваенныя злачынствы. У яго ўключана 439 дакументаў з фонду № 1363, які захоўваецца ў НАРБ. Зборнік складаецца з двух раздзелаў. У раздзеле «Кажуць дакументы, ахвяры і сведкі» публікуюцца акты абласных і раённых камісій Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і нанесенай імі шкоды грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (ЧГК СССР), даведкі, звесткі акты мясцовых органаў улады, пратаколы допытаў ахвяр і сведак і інш. У главе «Прызнанні ваенных злачынцаў» публікуюцца пратаколы допытаў замежных ваеннапалонных, былых ваеннаслужачых воінскіх падраздзяленняў Германіі.

Зборнікі падрыхтаваны па ініцыятыве Расійска-беларускай асацыяцыі гісторыкаў «Саюзная ініцыятыва памяці і згоды», створанай у 2016 годзе Фондам садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» (г. Масква) і Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Прэзентацыю зборнікаў адкрыў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А. К. Дземянюк, які звярнуўся з прывітальным словам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемства. Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. І. Кураш у сваім выступе адзначыў, што тэмай трагедыі спаленых вёсак беларускія архівісты займаюцца не першы год. Ужо выйшаў у свет шэраг зборнікаў: “Хатынь. Трагедыя і памяць”, “Хатынскі некропаль”, “Хатынскія дрэвы жыцця” і інш. На афіцыйным сайце Нацыянальнага архіва ў адкрытым доступе размешчана база дадзеных “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Віктар Іосіфавіч падкрэсліў, што трагедыя мірнага насельніцтва спаленых вёсак – гэта тое, пра што сучаснае грамадства не мае маральнага права забываць.

Пра тое, як узнікла ідэя стварэння такога своеасаблівага двухтомніка і якія дакументы ўвайшлі ў кнігі, распавёў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук В. Д. Селяменеў.

Дырэктар фонду “Гістарычная памяць” (г. Масква) А. Р. Дзюкаў адзначыў, што зборнік “Спаленыя вёскі Расіі”, па сутнасці, з’яўляецца першым у Расіі выданнем, прысвечаным такой няпростай тэме, і падзякаваў беларускім архівістам за дапамогу ў падрыхтоўцы зборніка.

Кандыдат гістарычных навук У. І. Адамушка у сваім выступе падкрэсліў, што тэма спаленых у гады вайны беларускіх вёсак стала магістральнай ў публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага архіва ў апошняе дзесяцігоддзе, у сувязі з чым бачыцца цалкам заканамерным, што менавіта беларускія архівісты прынялі актыўны удзел у аналагічным праекце расійскіх калегаў.

М. В. Навадворская, дарадца Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь па пытаннях культуры, звярнула ўвагу на тое, наколькі сімвалічна выглядаюць кнігі побач — “гэта наш агульны боль, агульная трагедыя”.

Загадчык аддзелам ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук А. М. Літвін адзначыў, што дзякуючы карпатлівай працы архівістаў сфарміравана шырокая база уведзеных у навуковы зварот гістарычных крыніц, і наступным лагічным этапам у пытанні вывучэння трагедыя спаленых вёсак павінны стаць манаграфічныя даследаванні.

Сваімі ўспамінамі аб вайне і першых пасляваенных гадах з удзельнікамі мерапрыемства падзяліўся В. Я. Мелянцей – выратаваны жыхар спаленай вёскі.

У рамках прэзентацыі зборнікаў была прадстаўлена выстава ўнікальных дакументаў, спецыяльна падрыхтаваная для мерапрыемства, а таксама прадэманстравана кінахроніка з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

У прэзентацыі зборнікаў прынялі ўдзел дырэктары і супрацоўнікі дзяржаўных архіваў, прадстаўнікі музеяў, вышэйшых навучальных устаноў і грамадскіх арганізацый.