Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна» (НГАБ у г. Гродна)
Характарыстыка фондаў
Колькасць фондаў: 1 328 фонда, 2 189 вопіса, 419 149 адзінак захоўвання
Храналагічны перыяд: XVI (асобныя дакументы) – пачатак XX ст.
Тэрытарыяльны ахоп:
- Вялікае княства Літоўскае (асобныя дакументы)
- Рэч Паспалітая (асобныя дакументы)
- былая Гродзенская губерня Расійскай імперыі
- былыя Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі, Ашмянскі паветы Віленскай губерні Расійскай імперыі
Найбольшую цікавасць уяўляюць фонды Канцылярыі гродзенскага губернатара, Гродзенскага губернскага праўлення, Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, калекцый інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, фонды асабістага паходжання, дакументы, якія змяшчаюць інфармацыю генеалагічнага характару. Дакументы архіва (асабліва фонды Канцылярыі гродзенскага губернатара, Гродзенскага губернскага праўлення і інш.) ўтрымліваюць шматпланавую інфармацыю па гісторыі былой Гродзенскай губерні: даюць звесткі аб колькасці і складзе насельніцтва, адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні, адкрыцці і функцыянаванні прамысловых прадпрыемстваў, навучальных устаноў, па гісторыі айчыннай вайны 1812 г., гісторыі паўстанняў 1830-1831 гг. і 1863 г.
Аб эканамічнай гісторыі Гродзенскай губерні, падрыхтоўцы і правядзенні сялянскай рэформы 1861 г., сталыпінскай аграрнай рэформы, асаблівасцях землеўладання і землекарыстання распавядаюць дакументы фондаў Гродзенскага губернскага па сялянскім справам прысутнасці, міравых пасярэднікаў, Гродзенскай губернскай і павятовых землеўпарадкавальных камісій, земскіх начальнікаў і інш.
У фондах гаспадарча-эканамічных устаноў маецца інфармацыя аб будаўніцтве, рамонце будынкаў і збудаванняў, стане мясцовай прамысловасці, арэндзе, продажы казённых маёнткаў, лясоў, правядзенні крэдытных аперацый, утрымліваюцца статыстычныя звесткі па губерні.
Дакументы фондаў устаноў аховы здароўя, грамадскіх і дабрачынных арганізацый ўтрымліваюць звесткі аб гісторыі развіцця аховы здароўя, санітарным наглядзе, стане багадзельняў, прытулкаў, сірочых дамоў.
Інфармацыя генеалагічнага, маёмаснага характару змяшчаецца ў фондах органаў саслоўнага самакіравання, фінансава-падатковых устаноў, некаторых дакументах устаноў рэлігійных канфесій.
У фамільных фондах памешчыкаў Гродзенскай губерні Быхаўцаў і Смаўжоў маюцца асабістая і дзелавая перапіска, інвентарныя апісанні маёнткаў, звесткі аб закладзе, продажы, атрыманні ў спадчыну маёмасці. У фондзе памешчыкаў Булгарыных маецца асабістая і дзелавая перапіска.
Фонд “Інвентары памешчыцкіх маёнткаў” складаецца з калекцыі інвентарных апісанняў маёнткаў, вёсак, фальваркаў, паветаў Гродзенскай губерні – важных крыніц па гісторыі беларускай вёскі.
Асаблівую цікавасць уяўляюць завяшчанне Тадэвуша Касцюшкі ад 4 красавіка 1817 г. аб вызваленні сялян вёскі Сяхновічы Кобрынскага павета, метрычныя запісы аб нараджэнні А. Пашкевіч (Цёткі), І. Луцэвіча (Я. Купалы), дакументы і жыцця дзейнасці прадстаўнікоў грамадска-палітычнага руху, навукі, культуры (П. Багрыма, Э. Ажэшка, І. Дамейка, Ю. Крашэўскага, М. К. Агінскага, А. П. Старажэнка, М. Багдановіча, Л. Заменгофа, С. Урублеўскага, А. А. Макавельскага і інш.); інвентарныя апісанні, планы, чарцяжы касцёлаў, цэркваў, манастыроў, маёнткаў, гарадоў, дакументы па гісторыі помнікаў архітэктуры, культуры. Прывілея вялікага князя Вялікага княства Літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта I за 1511 г. аб пацверджанні права Ваўкавыскага касцёла на дзесяціну даходаў ( копія за 1528 г.) і інш.