Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі» (НГАБ)
Гістарычная даведка
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) пачаў сваю дзейнасць у 1919 г. як архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро.
У 1924 г. архівасховішча рэарганізавана ў акруговы архіў, у 1927 г. – у Магілёўскі гістарычны архіў, які ў 1930 г. стаў аддзяленнем Цэнтральнага архіўнага кіравання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЦАУ БССР).
У ліпені 1938 г. архіў быў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў перыяд нямецкай акупацыі большасць дакументаў архіва і навукова-даведачны апарат да іх загінулі, частка дакументаў была вывезена ў Рыгу і Германію.
У 1943 г. Цэнтральны гістарычны архіў БССР стаў называцца Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архівам БССР (ЦДГА БССР, г. Магілёў).
Пасля вайны рээвакуявана 38 054 справы з 700 фондаў, ні адзін з якіх не меў поўнага складу. У 1947 г. архіву былі перададзены захаваныя дарэвалюцыйныя фонды з дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей.
У 1963 г. архіў быў пераведзены з г. Магілёва ў г. Мінск і атрымаў назву Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР (ЦДГА БССР) у г. Мінску. Архіў папоўніўся дакументамі дарэвалюцыйных фондаў з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і комплексам старажытных актаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Гродна.
У 1992 г. архіў разам з Цэнтральным партыйным архівам Камуністычнай партыі Беларусі быў рэарганізаваны ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
У 1995 г. на базе дакументаў ХIV – пачатку ХХ стст., якія раней знаходзіліся ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Мінску, створаны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.
З снежня 2000 г. архіў стаў называцца Дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі”.
За значны ўклад у развіццё архіўнай справы, захаванне дакументаў па гісторыі Беларусі ХIV – пачатку ХХ стст., арганізацыю іх усебаковага выкарыстання ў інтарэсах навукі, навукова-даследчую работу па актуальных пытаннях гісторыі Беларусі, архівазнаўства, археаграфіі, спецыяльных гістарычных дысцыплін архіў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2008 г. № 986).
У 2013 годзе за значны ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і заслугі ў развіцці архіўнай справы і айчыннай гістарычнай навукі Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (Рашэнне Савета Палаты прадстаўнікоў ад 28 мая 2013 г. № 148-СП5, Пастанова прэзідыума Савета Рэспублікі ад 3 чэрвеня 2013 года № 124-ПСР5).
У 2018 годзе за вялікі ўнёсак у забеспячэнне захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонда Рэспублікі Беларусь, развіццё архіўнай справы і гістарычнай навукі Нацыянальнаму гістарычнаму архіву Беларусі аб’яўлена падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (Распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2018 г. № 176 рп).