Установа «Занальны дзяржаўны архіў у г. Жлобіне»


Характарыстыка фондаў

Колькасць фондаў: 929 фонд, 167 341 адзінак захоўвання

Храналагічны перыяд: з 1944 г. па цяперашні час

Тэрытарыяльны ахоп:

  • скасаваныя Журавічскі, Парычскі, Страшынскі раёны
  • Жлобінскі, Кастрычніцкі, Рагачоўскі, Светлагорскі раёны Гомельскай вобласці

Склад фондаў:

У архіве прадстаўлены фонды розных дзяржаўных устаноў: органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, аддзелаў статыстыкі, сельскай і лясной гаспадаркі, прамысловасці, аддзелаў адукацыі і культуры гарвыканкамаў, а таксама фонды, якія складаюць дакументы асабістага паходжання.

У дакументах фондаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання адлюстравана гісторыя грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну.

У фондах народнай адукацыі (аддзелаў народнай адукацыі выканкамаў, вучылішчаў, тэхнікумаў і інш.) захоўваюцца загады па асноўнай дзейнасці, планы сеткі школ ўсенавуча, перспектыўныя планы, штатныя расклады, справаздачы аб колькасці і складзе работнікаў, звод выдаткаў на ўтрыманне народнай адукацыі.

Звесткі аб развіцці культуры, мастацтва, друкарскай справы ўтрымліваюцца ў дакументах фондаў рэдакцый газет, дамоў культуры, бібліятэк і інш.

У фондах устаноў аховы здароўя захоўваюцца пратаколы агульных сходаў, канферэнцый, нарад медработнікаў, даведкі праверак стану медыцынскага абслугоўвання, агляды аб працы медыцынскіх устаноў.

У фондах народных судоў, натарыяльных кантор, пракуратур утрымліваюцца звесткі аб арганізацыі іх працы, умацаванні законнасці і правапарадку, аказанні юрыдычнай дапамогі насельніцтву і інш.

Дакументы фондаў прамысловасці (заводаў, фабрык), сельскай і лясной гаспадаркі (калгасаў, саўгасаў, лясгасаў) адлюстроўваюць пытанні развіцця гэтых галін, арганізацыі кіравання імі, сістэм планавання і эканамічнага стымулявання і інш.

У фондах устаноў па будаўніцтву і архітэктуры захоўваюцца загады па вытворчай дзейнасці, штатныя расклады, гадавыя планы будаўніча-мантажных, падрадных і субпадрадных работ, фінансавыя планы і планы капіталаўкладанняў, гадавыя справаздачы па асноўнай дзейнасці.

У архіве маецца калекцыя дакументаў асабістага паходжання ўдзельнікаў Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, дэпутатаў Саветаў і іншых вядомых людзей рэгіёну. Гэта аўтабіяграфіі, успаміны, артыкулы з газет, асабістыя дакументы, фотаздымкі, перапіска з аднапалчанамі, граматы.