7 мая 2018 г. у Мінскім абласным выканаўчым камітэце адбылося адкрыццё гісторыка-дакументальнай выставы «Праз стагоддзі, праз гады памятайце!»
7 мая 2018 г. у Мінскім абласным выканаўчым камітэце адбылося адкрыццё гісторыка-дакументальнай выставы «Праз стагоддзі, праз гады памятайце!», прысвечанай 73-гадовай гадавіны Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінскага аблвыканкама.
Мэта прадстаўленай экспазіцыі адлюстраваць на аснове архіўных дакументаў, што захаваліся ў фондах Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, падзеі Вялікай Айчыннай вайны і жыццё беларускага народа ў гады акупацыі.
Экспазіцыя выставы складаецца з тэматычных блокаў: акупацыя, партызаны і падпольны рух, вызваленне.
Дакументы блока «Вайна, яна і ёсць — вайна…», «Акупацыя. Новы парадак» знаёмяць наведвальнікаў з матэрыяламі ўстаноў нацыскай акупацыйнай адміністрацыі, заклікамі, распараджэннямі і аб’явамі галоўнага камандавання Вермахта. Усе гэтыя дакументы дазваляюць убачыць і ацаніць цяжар жыцця мірнага насельніцтва ў перыяд акупацыі.
Склад дакументаў блока «Партызанская слава не гасне ў стагоддзях» разнапланавы — гэта інфармацыя аб рабоце мінскіх падпольшчыкаў, спіс партызанскіх атрадаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Мінскай вобласці, спіс партызан-Герояў Савецкага Саюза, асабістыя і ўзнагародныя лісты партызан.
Тэматычны блок «Скрозь гады звініць Перамога» распавядае аб вызваленні тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут прадстаўлены дакументы аб вызваленні раённых цэнтраў Мінскай вобласці, дакладныя запіскі аб войсках, якія прымалі ўдзел у баях, аб дзейнасці знішчальных батальёнаў, рашэння гарвыканкама аб аднаўленні г. Мінска і яго аб’ектаў.
Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена дакументах асабістага паходжання. Тут можна ўбачыць франтавыя дзённікі, франтавыя лісты-трыкутнікі, а таксама падзякі за ўзяцце гарадоў Варшавы і Берліна.
З 7 мая па 11 мая экспазіцыя выстаўлена ў будынку Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (вул. Энгельса, 4).


