Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Удзел БДАМЛМ у вечары памяці «Імёны светлыя, дарагія…»

 

23 лістапада 2026 года тэатральная зала знакамітага Дома літаратара напоўнілася асаблівым святлом – святлом удзячнай памяці, жывога паэтычнага слова і шчырага чалавечага захаплення. Работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далее – БДАМЛМ) на чале з дырэктарам Аленай Аляксандраўнай Макаранка прынялі у вечары памяці «Імёны светлыя, дарагія…», арганізаваным Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

Гэтая літаратурна-музычная імпрэза стала магчымасцю дакрануцца да спадчыны тых творцаў, якія пакінулі глыбокі і непаўторны след у духоўнай скарбонцы беларускага народа. Вядучымі вечара былі пісьменнікі і журналісты Алена Анатольеўна Стэльмах – першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міхаіл Паўлавіч Пазднякоў – кіраўнік Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У зале гучалі імёны і ўспаміны пра Мікалая Чаргінца, Алеся Казеку, Анатоля Дзялендзіка, Георгія Марчука, Алега Жукава. Кожнае імя адгукалася ў сэрцах прысутных непагасным водбліскам таленту. Праз паэтычныя радкі Уладзіміра Карызны, Міхася Мятліцкага, Ганада Чарказяна, Уладзіміра Тулінава і іншых майстроў разгортвалася вечная размова аб чалавечнасці, Радзіме і каханні. Пранікнёна і ўзнёсла чыталі вершы акцёры Тэатра паэзіі, таленавітыя вучні і моладзь, чые маладыя галасы надавалі класічным радкам новае дыханне.

Сваёй майстэрскай ігрой заварожваў калектыў «Тэатра на Нямізе», а чароўныя песні і рамансы на словы беларускіх паэтаў напаўнялі залу светлым лірычным сумам і цеплынёй. На сцэне тэатральнай залы была прадстаўлена банэрная выстава БДАМЛМ «Народныя паэты Беларусі».

З прывітальным словам да гасцей вечара звярнулася дырэктар архіва-музея А.А.Макаранка. Яна падкрэсліла, што літаратурнае слова мае незвычайную сілу перамагаць час, а архіў – гэта тое месца, дзе б’ецца пульс гэтай несмяротнасці: больш за 80 адсоткаў багацейшых фондаў БДАМЛМ складаюць менавіта фонды асабістага паходжання беларускіх пісьменнікаў. Падчас мерапрыемства А.А.Макаранка дала інтэрв’ю здымачнай групе тэлеканала «Беларусь 3», у якім падрабязна распавяла пра руплівую штодзённую працу архівістаў па папулярызацыі пісьменніцкіх фондаў, цеснае творчае супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і важнасць сумесных праектаў для захавання культурнага коду нацыі.

Вечар «Імёны светлыя, дарагія…» пакінуў у душы кожнага прысутнага глыбокае пачуццё светлага супакою і натхнення. Ён чарговы раз нагадаў: пакуль гучыць роднае слова і пакуль беражліва захоўваюцца архіўныя старонкі, дарагія нашаму сэрцу творцы працягваюць жыць побач з намі.

 

1. М.П.Пазднякоў і А.А.Стэльмах
2. Выступленне дырэктара БДАМЛМ А.А.Макаранка
3. Выступленне мастака В.К.Барабанцава
4. Падчас выступлення актрысы Тэатра паэзіі
5. Акцёры «Тэатра на Нямізе»
6. Выступленне А.Ю.Аўруціна
7. Паэтычны нумар ад Тэатра паэзіі
8. Выступленне юнага удзельніка мерапрыемства
9. Удзельнікі вечара памяці «Імёны светлыя, дарагія…»