Аб правядзенні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» урока «Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў архіўных дакументах» у межах акцыі «Архівы – школе»
4 лістапада 2026 г., напярэдадні святкавання Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Дзяржаўным архіве Гомельскай вобласці для навучэнцаў 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №1 г.Гомеля» адбыўся ўрок «Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў архіўных дакументах». Мэта ўрока – выхаванне пачуцця патрыятызму, паважлівага і беражлівага стаўлення да нацыянальнай гісторыі і памяці пакаленняў на аснове вывучэння дакументаў і матэрыялаў аб рэвалюцыйным руху ў г.Гомелі.
Вядучы архівіст Мая Вашчанка падрыхтавала для навучэнцаў падборку архіўных дакументаў і газетных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць палітычную атмасферу і рэвалюцыйнае жыццё Гомеля пачатку мінулага стагоддзя. У адкрытым доступе да дакументаў навучэнцы пазнаёміліся з матэрыяламі газет, якія выходзілі ў Гомелі ў 1920 годзе – «Палеская праўда», «Саха і молат», «Стеная газета РОСТА», якія адлюстроўвалі неспакойныя падзеі змены палітычнага рэжыму ў краіне. З успамінаў аб лідарах рэвалюцыі ў Гомелі, а менавіта – гомельчаніна, рэвалюцыянера, палітычнага дзеяча Самуіла Хаўкіна, старшакласнікі даведаліся аб падпольнай дзейнасці рэвалюцыянера М.Хатаевіча, а таксама аб В.Валадарскім, Арцёме, П.Багданаве, імёнамі якіх названы вуліцы нашага горада, пазнаёміліся з іх фотаздымкамі. На ўроку, у фармаце гутаркі, старшакласнікі падзяліліся сваімі ведамі аб рэвалюцыйных падзеях, задалі пытанні, якія іх цікавілі. У працяг тэмы гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі навучэнцам быў прадэманстраваны дакументальны фільм БДАКФФД аб святкаванні 65-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў Гомелі. У заключэнне мерапрыемства для старшакласнікаў была арганізавана экскурсія па архівасховішчы, дзе архівіст першай кваліфікацыйнай катэгорыі Вікторыя Рудэнка паказала і расказала аб тым, як захоўваюцца дакументы ў архіве.
![]() |
| 1. Вядучы архівіст М.Вашчанка на ўроку расказвае пра дакументы |
![]() |
![]() |
| 2-3. Старшакласнікі вывучаюць дакументы і фотаздымкі |
![]() |
| 4. Прагляд дакументальнага фільма |
![]() |
| 5. Архівіст В.Рудэнка і школьнікі падчас экскурсіі ў архівасховішча |





