Летапіс новага пакалення: архівіст установы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечне» прыняў удзел у сустрэчы з маладымі спецыялістамі раёна
Традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі прайшла ў фармаце адкрытага дыялога. Для многіх з іх Маладзечанскі раён стаў новым домам – месцам, куды яны прыехалі па размеркаванні. Перш чым прыступіць да паўсядзённых абавязкаў, учорашнім студэнтам прапанавалі пазнаёміцца з гісторыяй краю, на зямлі якога ім трэба жыць і працаваць.
Сёлета працу ў арганізацыях і ўстановах раёна пачалі 389 маладых спецыялістаў: урачы, педагогі, аграрыі, будаўнікі, работнікі культуры і прадстаўнікі іншых важнейшых галін.
Спікерамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі ключавых сфер раёна, актывісты БРСМ і партнёры з банкаўскай сферы. У гэтай прадстаўнічай кампаніі выступіла і архівіст Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна Марыя Мячкоўская.
Яе даклад, падмацаваны архіўнымі дакументамі і мультымедыйнай прэзентацыяй, пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з мінулым рэгіёна і ключавымі вехамі яго развіцця.
«Многія з прысутных накіраваны для працы ў бальніцы, школы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і ўстановы культуры, гісторыя якіх беражліва захоўваецца ў архіўных фондах. Разуменне таго, што ты працягваеш справу, распачатую дзесяцігоддзі таму, надае асаблівы сэнс іх прафесійнаму станаўленню», – падзялілася меркаваннем Марыя Іванаўна.
Аб сучасным развіцці раёна, яго інфраструктурных праектах і перспектывах расказаў старшыня райвыканкама Павел Губко. Словы на добрую дарогу маладым спецыялістам адрасавала намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, якая пажадала ім прафесійных поспехаў і актыўнага ўдзелу ў жыцці рэгіёну. Прадстаўнікі БРСМ, банкаўскага сектара і галіновых службаў таксама звярнуліся да моладзі са словамі падтрымкі, расказаўшы пра магчымасці асабістай рэалізацыі, кар’ернага росту і насычанай забаўляльнай дзейнасці ў раёне.
Завяршылася сустрэча інтэрактыўнай часткай: для маладых спецыялістаў былі арганізаваны тэматычныя квізы і віктарыны.
Сустрэча паказала, што маладым спецыялістам важна не толькі асвоіцца на працоўным месцы і вывучыць службовыя інструкцыі, але і адчуць сваё дачыненне да тэрыторыі, яе каранёў і традыцый.
На фота: Падчас мерапрыемства
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |






