Аб удзеле ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў падрыхтоўцы сюжэта для тэлеканала СТБ

17 верасня 2026 г., у Дзень народнага адзінства, журналісты тэлеканала СТБ наведалі Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці з мэтай асвятлення ў СМІ архіўных дакументаў сельскагаспадарчай арцелі «Адзінства» Отарскага сельсавета Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці.

У інтэрв’ю тэлеканалу вядучы архівіст Мая Вашчанка расказала пра тое, што сельскагаспадарчая арцель была заснавана ў 1926 годзе на былых памешчыцкіх землях у вёсцы Фальварак перасяленцамі з суседніх вёсак Чачэрскага сельсавета Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. У 1930 годзе на аснове арцелі ствараецца камуна – сельскагаспадарчая арцель «Адзінства». Сваю назву яна атрымала ў гонар нацыянальнай дружбы і яднання народаў – члены арцелі былі людзьмі розных нацыянальнасцей і веравызнання. Архівістамі была падрыхтавана падборка дакументаў арцелі за першую пасляваенную пяцігодку. Найбольшую цікавасць выклікаў «Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгаснікамі арцелі «Адзінства». Калгаснікам быў выдзелены ўчастак памерам амаль 1000 га для апрацоўкі зямлі. Таксама ў дакументах арцелі адлюстраваны звесткі пра аднаўленне гаспадаркі ў цяжкія пасляваенныя гады. Гэта гадавыя планы і справаздачы аб рабоце арцелі, кнігі па ўліку і размеркаванні грашовых і натуральных даходаў, а таксама пратаколы агульных сходаў калгаснікаў.

Напрыканцы сустрэчы дырэктар архіва Юрый Шастапалаў асабліва падкрэсліў:

Ведаць і паважаць гісторыю свайго краю – асноўная задача на сучасным этапе. Архівісты прымаюць актыўны ўдзел у выкананні гэтай задачы, актыўна супрацоўнічаючы са сродкамі масавай інфармацыі.

 

1-3. Падборка архіўных дакументаў арцелі «Адзінства» першай пасляваеннай пяцігодкі