Дакрананне да жывой гісторыі: журналіст радыё «Культура» наведала Занальны дзяржархіў у Маладзечна

Напярэдадні важнай дзяржаўнай даты – 17 верасня, Дня народнага адзінстважурналіст радыё «Культура» Алена Давыдава наведала Занальны дзяржаўны архіў у горадзе Маладзечне. Галоўнай мэтай візіту стала знаёмства з асабліва каштоўнымі дакументамі перыяду Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.).

Архівіст Марыя Мячкоўская правяла падрабязны экскурс, расказаўшы пра храналогію тых няпростых падзей і дакументах, якія адлюстроўваюць становішча беларусаў пад уплывам і палітыкай прыгнёту з боку Польшчы. У прыватнасці, размова ішла аб матэрыялах, якія сведчаць аб масавым закрыцці беларускіх школ і гімназій, абмежаваннях на выкарыстанне роднай мовы, паліцэйскіх пратаколах допытаў удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, а таксама дакументах аб зямельнай рэформе, якая ўшчамляла правы мясцовага сялянства і перадавала землі асаднікам.

Таксама падчас візіту Алена Давыдава правяла інтэрв’ю з дырэктарам архіва Інай Пудакевіч. У размове гаворка ішла пра паўсядзённую дзейнасць установы, маштабныя праекты па захаванні гістарычнай памяці і аб’ектыўнай праўды. Адмысловая ўвага была нададзена працы з моладдзю: архіў актыўна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі, праводзіць урокі памяці і тэматычныя выставы, дапамагаючы падрастаючаму пакаленню сутыкнуцца з жывой гісторыяй, а не проста чытаць пра яе ў падручніках.

Сама Алена Давыдава не хавала яскравых эмоцый пасля візіту. Журналіст прызналася, што ёй вельмі спадабалася паглыбленне ў атмасферу сапраўдных гістарычных сведчанняў. Для яе правялі сапраўдную экскурсію ў архіўныя «святая святых» – туды, дзе захоўваюцца арыгіналы, у якіх літаральна адчуваецца дыханне і пах часу.

Рэпартаж Алены Давыдавай аб няпростых старонках нашага мінулага прагучыць у праекце «Памяць сэрца» 19 верасня ў 10:05 на радыё «Культура» (102.9 FM). Паўтор у 16.00.

На фота: Падчас рэпартажу