Удзел БДАМЛМ у адкрыцці выставачнага праекта «Сімфонія мужнасці і Перамогі»
![]() |
11 верасня 2026 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (далей – Музей гісторыі ВАВ) адбылося ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «Сімфонія мужнасці і Перамогі». У прэзентацыі гэтага маштабнага праекта прынялі ўдзел работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ).
Створаная экспазіцыя глыбока і метафарычна раскрывае тэму Вялікай Айчыннай вайны праз тры галоўныя сімвалічныя акорды эпохі: мужнасць, адзінства і перамогу. Пяць канцэптуальных раздзелаў праекта – «Дысананс 22.06», «Рэквіем па Ленінградзе» (прысвечаны 85-годдзю з дня пачатку блакады Ленінграда), «Марш на перадавую», «Асабістая сімфонія» і мастацкі блок «Прысвячэнне» – знаёмяць наведвальнікаў з дзейнасцю Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, франтавымі агітбрыгадамі, а таксама з маляўнічым адлюстраваннем музычнага подзвігу. Разам з матэрыяламі іншых вядучых устаноў культуры, БДАМЛМ прадаставіў для экспанавання на экспазіцыі дакументы са сваіх фондаў, якія дапоўнілі гістарычны летапіс музычнага жыцця краіны ў гады вайны.
У рамках цырымоніі адкрыцця перад гасцямі выступіла дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка. У сваім слове яна падкрэсліла нязменную значнасць музычнага мастацтва ў гады цяжкіх выпрабаванняў і звярнула асаблівую ўвагу на багатую дакументальную спадчыну беларускіх кампазітараў, якая беражліва захоўваецца ў фондах архіва-музея. Алена Аляксандраўна распавяла пра ўнікальныя архіўныя калекцыі беларускіх кампазітараў Анатоля Багатырова, Уладзіміра Алоўнікава, Генрыха Вагнера, Яўгена Цікоцкага, Льва Абеліёвіча і Мікалая Аладава. Гэтыя дакументы служаць надзейнай першакрыніцай для аднаўлення сапраўднай гісторыі стварэння легендарных музычных твораў, якія вялі народ да перамогі.
Рэалізацыя праекта «Сімфонія мужнасці і перамогі» падкрэсліла эфектыўнасць прафесійнага партнёрства БДАМЛМ і Музея гісторыі ВАВ, накіраванага на зберажэнне гістарычнай памяці і папулярызацыю музычнай спадчыны ваенных гадоў.
![]() |
| 1. Выступленне дырэктара БДАМЛМ А.А.Макаранка |
![]() |
| 2. Падчас наведвання экспазіцыі «Сімфонія мужнасці і Перамогі» работнікамі БДАМЛМ |


