Аб старшыні выканаўчага камітэта Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных
У рамках рубрыкі «Дакументальны летапіс» установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» прадстаўляе для азнаямлення копію рашэння Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 18 жніўня 1944 года № 386 аб прызначэнні старшыні выканаўчага камітэта Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных.
У адпаведнасці з рашэннем на пасадзе быў зацверджаны Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Каралёў Мікалай Піліпавіч (1906-1972).
Мікалай Піліпавіч ураджэнец в.Амінавічы Асіповіцкага раёна. Да вайны займаў пасаду старшыні Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта, з’яўляўся дэпутатам Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных першага склікання.
У гады Вялікай Айчыннай вайны па заданні ЦК КПБ быў пакінуты на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі партызанскага руху і падполля.
Пастановай Савета Народных Камісараў СССР ад 16 верасня 1943 года № 1000 у ліку іншых камандзіраў партызанскіх фарміраванняў Беларускай ССР яму было прысвоена воінскае званне генерал-маёра, а 1 студзеня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага СССР прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем Ордэна Леніна і медая « Залатая Зорка».
За ўклад у пасляваеннае аднаўленне г. Магілёва ў 1970 годзе яму было прысвоена званне «Ганаровы жыхар горада Магілёва».
Спіс выкарыстаных крыніц:
Установа «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» (ДАМаг), Фонд 7, Воп. 4, Спр. 14, Арк. 22.
![]() |
