Аб удзеле работнікаў БелНДІДАС у кірмашы інфармацыйных распрацовак «Лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект»

6 жніўня 2026 г. супрацоўнікі БелНДІДАС прынялі ўдзел у кірмашы інфармацыйных распрацовак «Лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект». Арганізатарамі кірмашу выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўная ўстанова «Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы» (ДУ «БелІСА»).

Мерапрыемства праводзілася ў мэтах забеспячэння выканання норм Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2013 г. № 59 «Аб камерцыялізацыі вынікаў навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, створаных за кошт дзяржаўных сродкаў» і накіравана на фарміраванне і развіццё сувязяў паміж прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі навукі і адукацыі, выкарыстанне перадавых навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак у рэальным сектары эканомікі.

Кірмаш стаў значнай пляцоўкай для дэманстрацыі перадавых рашэнняў у галіне лічбавізацыі і штучнага інтэлекту, аб’яднаўшы распрацоўшчыкаў, прадстаўнікоў навукі, бізнесу і дзяржаўных структур. Удзельнікі прадставілі шырокі спектр праектаў – ад інтэлектуальных сістэм аналізу даных і прагнознай аналітыкі да галіновых платформаў для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лагістыкі і сацыяльнай сферы.

Спікерам ад БелНДІДАС выступіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства, кандыдат гістарычных навук, дацэнт З.В.Антановіч з дакладам «Перспектыўныя напрамкі выкарыстання штучнага інтэлекту ў архіўнай справе». У рамках выступлення яна закранула пытанні генерацыі тэкставага і візуальнага кантэксту, распазнання машынапіснага і рукапіснага тэксту для арганізацыі семантычнага пошуку, развіцця навукова-даведачнага апарату, выкарыстання чат-ботаў у абслугоўванні карыстальнікаў і супрацоўнікаў архіваў.

У якасці слухачоў удзел прынялі загадчык аддзела архівазнаўства С.Я.Купрыянаў, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела дакументазнаўства А.А.Сашко і малодшы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі М.А.Касяк.

У ходзе работы кірмашу былі ўсебакова разгледжаны актуальныя напрамкі прымянення інтэлектуальных сістэм, вызначаны перспектыўныя задачы і сістэмныя выклікі, якія стаяць перад удзельнікамі рынку ва ўмовах паскоранай лічбавай трансфармацыі. Удзельнікі адзначылі ўзрастаючую ролю міжведамаснага і міжсектаральнага ўзаемадзеяння як неабходнай умовы для паспяховай рэалізацыі інавацыйных праектаў.

 

1. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства, кандыдат гістарычных навук, дацэнт З.В.Антановіч падчас выступлення
2. Прадстаўнікі БелНДІДАС на кірмашы інавацыйных распрацовак
3. Удзельнікі кірмашу падчас выступлення З.В.Антановіч