#УсёПачынаеццаСям’і: Калі за дакументамі стаяць людзі, а за людзьмі – каханне
У Беларусі арганізаваны рэспубліканскі медыямарафон «#УсеПачынаеццазСям’і» – маштабны мультымедыйны праект, закліканы паказаць сілу традыцыйных каштоўнасцей праз жывыя, неадрэдагаваныя гісторыі звычайных сем’яў. У яго рамках прадстаўнікі розных прафесій дзеляцца кадрамі з паўсядзённага жыцця, расказваюць аб падтрымцы, узаемавыручцы і тым, як у сумесным побыце нараджаецца галоўнае шчасце. Да ініцыятывы далучыўся і занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна.
Гераіняй аднаго з відэа-партрэтаў стала Вольга Дварэцкая, загадчыца аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў, дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата архіва. Разам з мужам Паўлам і трыма дочкамі яна стварыла па-сапраўднаму моцную шматдзетную сям’ю, дзе родныя сцены – гэта не проста адрас, а прастора даверу, цяпла і штодзённага клопату.
Вольга родам з Вілейкі, але прафесійны шлях і асабісты лёс звязала з Маладзечна. Тут яна будавала кар’еру ў архіўнай справе, тут сустрэла сваё каханне, тут жа расквітнеў іх сямейны свет. Павел працуе на чыгунцы – прафесія, якая патрабуе адказнасці, пунктуальнасці і надзейнасці. Здаецца, гэтыя якасці сталі сямейным кодам: у іх хаце заўсёды ёсць на каго абаперціся.
Старэйшая дачка Васіліса радуе поспехамі ў вучобе, а вольны час прысвячае музыцы і акцёрскаму майстэрству, спрабуючы сябе ў творчых пачынаннях. Малодшыя – двайняты Аліса і Ксюша – пакуль асвойваюць свет у дзіцячым садку, вучацца сяброўству, першым адкрыццям і, вядома, штодня дораць бацькам шчыры смех і дзіцячыя «чаму?».
У сямейным роліку Вольга і Павел свядома адмовіліся ад глянцавай бездакорнасці. Камера не хавае ранішняй мітусні, дзіцячых крыкаў ці стомленых, але шчаслівых вачэй бацькоў. Затое ў цэнтры ўвагі – галоўная думка, якая стала камертонам усяго праекта:
«Сям’я – гэта не калі ўсё ідэальна. Гэта калі ты – не адзін!»
Простая, але ёмістая фраза стала адлюстраваннем іх жыццёвага крэда. У ёй – і ціхая падтрымка ў цяжкую хвіліну, і сумесныя прагулкі, і ўменне дараваць, і радасць ад таго, што побач ёсць тыя, хто любіць проста так, без умоў. У іх жыцці – #УсёПачынаеццазСям’і.
На фота: Сям’я Дварэцкіх
![]() |
