Аб правядзенні навучальных заняткаў у аддзеле навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў

У рамках запланаванага цыкла навучальных заняткаў для работнікаў аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў 7 – 8 красавіка 2026 г. і 28 красавіка 2026 г. праведзены заняткі па тэмах «Складанне актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню» і «Афармленне актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню».

Навучальны занятак №5 «Складанне актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню» праведзены намеснікам загадчыка аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Ісайчук Н.В. і загадчыкам сектара экспертызы каштоўнасці дакументаў і апісання спраў дзяржаўных арганізацый аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Ермашкевіч А.М.

На занятках былі разгледжаны пытанні правядзення экспертызы каштоўнасці дакументаў, іх апісання, фарміравання звязкаў спраў і этапы ўключэння ў акты аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню.

Ермашкевіч А.М. і Ісайчук Н.В. азнаёмілі работнікаў з нарматыўна-прававымі і метадычнымі дакументамі і парадкам іх прымянення. На занятках былі разгледжаны пытанні па размежаванні актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню, з адзнакай «ЭПК» і без адзнакі «ЭПК», уключэнню ў акты спраў, якія змяшчаюць дакументы з рознымі тэрмінамі захоўвання, прастаўленню індэксаў спраў, прыведзены прыклады складання пазіцый актаў з рознымі відамі дакументаў.

Ермашкевіч А.М. падрыхтавала алгарытм апісання спраў, якія ўключаюцца ў акты аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню, падрабязна спынілася на асвятленні пытанняў выкарыстання пералікаў дакументаў (тыпавога, ведамасных і інш.), вызначэння тэрмінаў захоўвання дакументаў у адпаведнасці з пералікамі, а таксама ўстанаўлення тэрмінаў захоўвання для відаў дакументаў, не адлюстраваных у пераліках.

Ісайчук Н.В. у сваім выступленні спынілася на пытаннях уключэння бухгалтарскіх дакументаў у акты аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню. Надзея Васільеўна расказала аб бухгалтарскім уліку ў арганізацыях, складзе і відах дакументаў бухгалтарскага ўліку і прывяла класіфікацыю бухгалтарскіх дакументаў. Былі разгледжаны пытанні правядзення праверак захавання падатковага заканадаўства, усе дадатковыя ўмовы вызначэння тэрмінаў захоўвання бухгалтарскіх дакументаў і прыведзены алгарытм вылічэння тэрмінаў іх захоўвання.

Работнікам аддзела было прапанавана прымяніць на практыцы тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас заняткаў. Ермашкевіч А.М. падрыхтавала справы і дакументы для ўключэння ў акты аб выдзяленні да знішчэння, наменклатуры спраў, пералікі з указаннем тэрмінаў захоўвання. Работнікі самастойна правялі экспертызу каштоўнасці дакументаў, устанавілі іх тэрміны захоўвання і на картках склалі пазіцыі для актаў з указаннем загалоўкаў, індэксаў, храналагічнага перыяду, колькасці спраў. Анжаліка Мікалаеўна дапамагла на практыцы разабраць спрэчныя моманты і адказала на ўсе пытанні работнікаў.

Навучальны занятак №6 «Афармленне актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню» праведзены загадчыкам сектара экспертызы каштоўнасці дакументаў і апісання спраў дзяржаўных арганізацый аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў Ермашкевіч А.М. На занятку былі разгледжаны пытанні размяшчэння структурных падраздзяленняў і сістэматызацыі пазіцый з загалоўкамі ў актах, а таксама тэхнічнае афармленне актаў аб выдзяленні да знішчэння дакументаў і спраў, якія не падлягаюць захоўванню: камп’ютарны набор, змест граф, выніковага запісу.

Анжаліка Мікалаеўна падрабязна спынілася на пытаннях афармлення актаў у альбомнай арыентацыі, складу рэквізітаў у адпаведнасці з Інструкцыяй па справаводстве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2025 г. №65.

Навучальныя заняткі накіраваны на павышэнне прафесіяналізму, матывацыі і эфектыўнасці работнікаў, а таксама на згуртаванне калектыву, абмен вопытам і зніжэнне цякучасці кадраў.

Работнікі аддзела навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў выказваюць падзяку Ермашкевіч А.М. і Ісайчук Н.В. за высокі ўзровень арганізацыі заняткаў, падачы інфармацыі і магчымасць адпрацоўкі тэарэтычных ведаў на практыцы.

 

1. Падчас занятку.
2. Падчас занятку.
3. Падчас занятку.
4. Падчас занятку.
5. Падчас занятку.
6. Падчас занятку.
7. Падчас занятку.
8. Падчас занятку.
9. Падчас занятку.
10. Падчас занятку.
11. Падчас занятку.