У Занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечне адбыўся Адзіны дзень інфармавання, прысвечаны 40-годдзю чарнобыльскай катастрофы.

Напярэдадні памятнай даты – 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС – у занальным дзяржаўным архіве прайшоў адзіны дзень інфармавання на тэму «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця».

З уступным словам да ўдзельнікаў звярнулася дырэктар архіва I.З.Пудакевіч. Яна адзначыла, што архіўныя дакументы сёння выступаюць не толькі сховішчам гістарычнай памяці, але і надзейным інструментам асветы. «Праз чатыры дзесяцігоддзі Беларусь прайшла складаны шлях ад экстранага рэагавання да сістэмнага аднаўлення і пераходу да ўстойлівага развіцця рэгіёнаў. Дзяржаўная палітыка, накіраваная на мінімізацыю наступстваў аварыі, даказала сваю эфектыўнасць: адроджаныя населеныя пункты, чыстая прадукцыя, сучасная медыцына і энергабяспека краіны – усё гэта вынікі скаардынаванай працы», – падкрэсліла дырэктар архіва.

Архівіст Марыя Мячкоўская падрыхтавала тэматычную прэзентацыю, заснаваную на фондах занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У выступе былі прадстаўлены дакументы, аблічбаваныя фатаграфіі, якія адлюстроўваюць паэтапную рэабілітацыю забруджаных тэрыторый.

Завяршыў праграму паказ дакументальнага фільма «Чарнобыль: хронікі трагедыі», прадастаўленага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотадакументаў (БДАКФФД). Фільм выклікаў эмацыйны водгук у прысутных і стаў наглядным пацвярджэннем таго, што вопыт пераадолення катастрофы заклаў аснову для фарміравання моцных рэгіёнаў і забеспячэння энергетычнай незалежнасці краіны.

На фота: Падчас правядзення мерапрыемства