БДАМЛМ павіншаваў Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы з 95-годдзем

15 красавіка 2026 года дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) А.А.Макаранка прыняла ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларускі літаратурны працэс: традыцыі і сучаснасць». Навуковы форум прысвечаны знакавай даце — 95-годдзю Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы (філіяла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай академіі навук (далей – НАН) Беларусі).

З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі звярнулася дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі В.М.Папко, якая адзначыла важнасць фундаментальнай навукі ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці.

У сваім выступленні А.А.Макаранка падкрэсліла шматгадовае і плённае супрацоўніцтва паміж архівам-музеем і акадэмічнай навукай. Яна адзначыла, што менавіта на сутыку архіўнай справы і літаратуразнаўства нараджаюцца глыбокія даследаванні.

У якасці сімвалічнага падарунка да юбілею ўстановы Алена Аляксандраўна перадала Інстытуту экзэмпляр прадстаўнічага выдання БДАМЛМ – «Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва». Гэта кніга з’яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем багацця фондаў архіва-музея.

Урачыстым момантам стала ўручэнне падзяк супрацоўнікам Інстытута, якія ўносяць значны ўклад у сумесную працу і актыўна ўзаемадзейнічаюць з БДАМЛМ у галіне вывучэння архіўнай спадчыны. Сярод узнагароджаных малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Д.М.Дрозд і навуковы супрацоўнік аддзела выданняў і тэксталогіі В.Ф.Назараў.

Удзел БДАМЛМ у такіх мерапрыемствах яшчэ раз пацвярджае непарыўную сувязь паміж захавальнікамі дакументальнай спадчыны і навукоўцамі, якія ператвараюць архіўныя здабыткі ў здабытак усёй краіны. У калектываў наперадзе яшчэ шмат сумесных праектаў, накіраваных на папулярызацыю беларускага слова.

 

1. Кіраўнікі інстытутаў НАН Беларусі
2. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі В.М.Папко
3. А.А.Макаранка падчас віншавання калектыву Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
4. А.А.Макаранка падчас уручэння падзякі малодшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута Д.М.Дразду
5. А.А.Макаранка падчас уручэння падзякі навуковаму супрацоўніку Інстытута В.Ф.Назараву.