Аб удзеле ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» ў мерапрыемстве, прысвечаным вязням фашысцкіх канцлагераў у ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» ў рамках акцыі «Архівы – школе»

10 красавіка 2026 г. для школьнікаў 4 і 6 класаў ДУА «Сярэдняя школа №75 г.Гомеля» быў праведзены Урок Памяці, прысвечаны вязням фашысцкіх канцлагераў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар школы М.В.Чарненка і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў г.Гомеля.

Спецыяліст Мая Валянцінаўна Вашчанка расказала вучням пра дату 11 красавіка 1945 г.

– Дата прысвечана паўстанню вязняў канцэнтрацыйнага лагера «Бухенвальд» на тэрыторыі Германіі, якое адбылося 11 красавіка 1945 г.У выніку паўстання больш за 20 тысяч вязняў, з якіх больш за 900 былі дзеці, выратавалі свае жыцці. Міжнародная супольнасць адзначае гэты дзень як Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў.

Таксама яна расказала пра перасыльны лагер для ваеннапалонных «Дулаг-121», у якім загінула больш за 100 тысяч ваеннапалонных і жыхароў горада, і канцлагер «Азарычы» Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

– Лагер «Азарычы» ў Калінкавіцкім раёне быў нетыповым лагерам, ніякіх пабудоў на яго тэрыторыі не было, а вязні знаходзіліся пад адкрытым небам. Фашысты сагналі старых, жанчын і дзяцей і заразілі іх тыфам. Гэта быў лагер, дзе людзей выкарыстоўвалі як біялагічную зброю для таго, каб хвароба перакінулася на часці Чырвонай Арміі, што наступалі. За дзевяць дзён з 50 тысяч вязняў загінула не менш за 20 тысяч.

Галоўная задача моладзі – вывучэнне гісторыі роднага краю для захавання Памяці пра высокую цану, якую заплацілі беларусы за мірнае неба. Моладзь павінна берагчы сваю Радзіму ад паўтарэнняў падобных фактаў, – сказала ў заключэнне Мая Валянцінаўна.

У канцы ўрока вучні паглядзелі відэаролік пра малалетніх вязняў канцлагера «Чырвоны бераг», у якіх бралі кроў для параненых салдат вермахта.

Мерапрыемства скончылася запальваннем свечак Памяці і Хвілінай маўчання.

 

1-3. Падчас правядзення мерапрыемства
4. Хвіліна маўчання