У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў супрацоўнікі Дзяржархіва Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у памятным мітынгу на мемарыяльным комплексе «5-ы полк»

11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ён усталяваны ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе падчас Другой сусветнай вайне вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам узнялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася 578 фабрык смерці. Розных па прызначэнні, але адзіных у адным – выкарыстоўваць, зневажаць і знішчаць нашых людзей.

У г.Віцебску лагер смерці «5-ы полк» (утвораны на месцы былога ваеннага гарадка 5-га чыгуначнага палка Чырвонай Арміі) дзейнічаў з верасня 1941-га да канца мая 1944-га. Быў створаны як лагер савецкіх ваеннапалонных. З восені 1943-га выкарыстоўваўся як перасыльны лагер для грамадзянскага насельніцтва, якое вывозілася на прымусовыя працы ў Нямеччыну. З лютага 1944-га функцыянаваў як канцэнтрацыйны лагер.

За час існавання праз яго прайшло больш за 150 тыс. чалавек, з якіх загінулі і пахаваны на тэрыторыі 5-га чыгуначнага палка больш за 80 тыс., у тым ліку каля 4 тыс. мірных жыхароў.

Да мемарыяла «5-ы полк» (шталаг №313) у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў прыйшлі прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, жыхары горада.

Сярод удзельнікаў мітынгу былі супрацоўнікі Дзяржархіва Віцебскай вобласці.

 

1. Мемарыял «5-ы полк» (шталаг №313) у г.Віцебску
2–3. Ускладанне вянкоў і кветак да абеліска ахвярам фашызму Мемарыяла «5-ы полк» (шталаг №313) у г.Віцебску
4. Урачысты мітынг ля мемарыяла «5-ы полк» (шталаг №313) у г.Віцебску ў Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
5. Супрацоўнікі Дзяржархіва Віцебскай вобласці – удзельнікі ўрачыстага мітынгу каля мемарыяла «5-ы полк» (шталаг №313) у г.Віцебску ў Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.