Аб правядзенні ўстановай «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі

2 красавіка 2026 года ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі.

У чытальнай зале маладыя работнікі архіва пазнаёміліся з гісторыяй памятнай даты, а таксама сумеснымі беларуска-расійскімі праектамі ў архіўнай галіне.

Таксама ў актавай зале для навучэнцаў УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў» па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва» адбылася прэзентацыя дакументальнай і віртуальнай выстаў, прысвечаных фондаўтваральнікам архіва – ураджэнкам Расіі, якія рэалізаваліся прафесійна на беларускай зямлі.

Ганна Іванаўна Мішына (Дудзіна) нарадзілася ў г.Уржум Кіраўскай вобласці. Скончыла курсы лётчыкаў-інструктараў у 1939 годзе. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз была залічана пілотам санітарнай авіяцыі, а ў 1943 годзе пачала ажыццяўляць баявыя вылеты ў 46-м гвардзейскім Таманскім жаночым палку начных бамбавікоў. Удзельнічала ў вызваленні Беларусі, Польшчы, Усходняй Нямеччыны. Пасля заканчэння вайны пераехала ў Магілёў і працавала інструктарам-лётчыкам у аэраклубе.

Алена Іванаўна Савосіна нарадзілася ў г.Спаску Разанскай вобласці. У 1948 годзе скончыла Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут і пераехала ў Магілёў, узначальвала аддзелы Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці. Унесла істотны ўклад у пасляваеннае аднаўленне і развіццё архіўнай галіны Магілёўшчыны.

У завяршэнне мерапрыемства навучэнцы з агляднай экскурсіяй наведалі архівасховішча, дзе азнаёміліся са складам дакументаў і ўмовамі іх захоўвання.

 

1. Маладыя работнікі архіва ў ходзе мерапрыемства ў чытальнай зале.
2. Навучэнцы УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў» знаёмяцца з дакументамі з фондаў асабістага паходжання А.І.Мішынай (Дудзінай) і А.І.Савосінай.
3. Калектыўнае фота навучэнцаў УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў».