«Машына часу» у архіве: у Жлобіне прайшоў занятак «Юны архівіст» у новым фармаце

У рамках папулярызацыі архіўнай справы і патрыятычнага выхавання моладзі 26.02.2026 ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Жлобіне» у рамках праекта «Юны архівіст» прайшоў практычны занятак для навучэнцаў 9-х класаў ДУА «Сярэдняя школа №9 г.Жлобіна». Мерапрыемства было праведзена ў фармаце сюжэтна-ролевага квест-урока «Машына часу».

Мэта занятку: практычнае асваенне алгарытмаў пошуку інфармацыі ў дакументах генеалагічнага характару і азнаямленне з ключавымі прафесіямі архіўнай галіны.

Па сюжэце навучэнцы «перанесліся ў будучыню», выйшаўшы ў ролі кваліфікаваных супрацоўнікаў архіва. У ходзе занятку былі размеркаваны наступныя функцыянальныя абавязкі:

Дырэктар архіва — агульнае кіраўніцтва і кантроль за прытрымліваннем рэгламенту пошуку.

Загадчык аддзела — арганізацыйнае забеспячэнне і вядзенне справаздачнасці.

Вядучы архівіст і архівіст — непасрэдная работа з першакрыніцамі (пагаспадаркавымі кнігамі) і навукова-даведачным апаратам.

Інжынер-праграміст — тэхнічнае суправаджэнне працэсу: алічбаванне выяўленых дакументаў і выраб ксеракопій.

Удзельнікі паспяхова выканалі практычную задачу па пошуку звестак аб сваяках, вывучыўшы спецыфіку запісаў у пагаспадаркавых кнігах (склад сем’і, маёмаснае становішча, біяграфічныя даныя).

У завяршэнне сустрэчы з дапамогай сучасных тэхналогій (штучнага інтэлекту і камп’ютэрнай графікі) была прадстаўлена візуалізацыя прафесійнай будучыні навучэнцаў. Дэманстрацыя партрэтаў «супрацоўнікаў архіва будучыні» дазволіла дзецям пабачыць перспектыву кар’ернага росту ў архіўнай сферы.

Праведзенае мерапрыемства дапамагала фарміраванню ў школьнікаў навыкаў даследчай работы і павышэнню інтарэсу да захавання дакументальнай спадчыны свайго краю.

 

1-3. «Пранікненне ў гісторыю: будучыя спецыялісты за вывучэннем архіўных дакументаў».
4. Супрацоўнікі архіва і навучэнцы СШ №9 г.Жлобіна.
5-10. «Юныя архівісты» у вобразе кваліфікаваных экспертаў будучыні.