«Летапіс жыцця і праўды»: БДАМЛМ прэзентаваў выставу да 105-годдзя Івана Мележа ў Міністэрстве юстыцыі

 

5 лютага Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прэзентаваў літаратурна-дакументальную выставу «Летапіс жыцця і праўды», прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння выдатнага майстра слова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў сценах Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Куратар выставы вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Мізон пракаментавала адабараныя матэрыялы, расказала, па якім прынцыпе яны сістэматэзаваны, каб прадставіць найбольш поўны і яркі вобраз выбітнага пісьменніка.

Творы Івана Мележа глыбока прасякнуты праўдай жыцця, адлюстроўваюць складаныя перыяды гісторыі, моц чалавечага духу і непахісную веру ў ідэалы, што робіць яго творчасць актуальнай для любой сферы грамадскага жыцця. Выстаўка «Летапіс жыцця і праўды» дазваляе пазнаёміцца са светам пісьменніка, адкрыць для сябе невядомыя старонкі яго біяграфіі і творчасці праз прызму ўнікальных архіўных дакументаў.

Экспазіцыя падрыхтавана на аснове багатых фондаў БДАМЛМ і прадстаўляе дакументы біяграфічнага характару, сярод якіх фатаграфіі і пісьмы, што раскрываюць важныя моманты жыцця Івана Паўлавіча і яго светапогляд як асобы і творцы. Асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы, звязаныя з яго ўдзелам у Вялікай Айчыннай вайне. Адным з цэнтральных элементаў экспазіцыі з’яўляюцца творчыя дакументы, у прыватнасці, рукапісы легендарнага рамана «Людзі на балоце» – твора, які стаў класікай беларускай літаратуры. Тут можна ўбачыць аўтарскія праўкі і нататкі, якія сведчаць аб карпатлівай працы над тэкстам. Дапоўнена выстава фатаграфіямі са здымачных пляцовак аднайменнага тэлеспектакля «Людзі на балоце».

Выстаўка «Летапіс жыцця і праўды» – цудоўная магчымасць для аматараў беларускай літаратуры дакрануцца да жывой гісторыі, аддаць даніну памяці і павагі Івану Мележу, чыя спадчына працягвае натхняць новыя пакаленні.

 

1. Прэзентацыя выставы «Летапіс жыцця і праўды»
2. Наведвальнікі выставы
3. Куратар выставы – Н.А.Мізон
4. Падчас прэзентацыі выставы ў Міністэрстве юстыцыі