Турыстычная паездка работнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі на Палессе

У апошнія восеньскія выхадныя работнікі НГА Беларусі ў складзе вялікай экскурсійнай групы здзейснілі займальную экскурсію па сталіцы беларускага Палесся гораду Пінску і азнаёміліся з рамеснымі традыцыямі і народнай культурай палешукоў у аграгарадку Моталь. Паездка арганізавана Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Пінск – старажытны горад, размешчаны сярод цудоўных ландшафтаў рэк Піны і Прыпяці. Горад вядомы з 1097 года. Па захаванасці архітэктурных помнікаў ён займае другое месца ў Беларусі пасля Гродна. Аблічча цэнтра горада фарміруюць каменныя збудаванні, узведзеныя ў XVII-XVIII стст. – ансамбль старажытнага францысканскага манастыра; кафедральны сабор з вытанчаным дэкорам фасада і цудоўным арганам; скульптурныя формы езуіцкага калегіума.

Экскурсія пачалася з плошчы перад будынкам Езуіцкага калегіума і працягнулася ва ўнутраным дворыку ля ўваходу ў Музей Беларускага Палесся.

 

1. Будынак Езуіцкага калегіума ў Пінску
2. На плошчы Леніна
3. Ля Музея Беларускага Палесся
4. Агляд даваеннага трактара СХТЗ-15/30 – аднаго з экспанатаў Музея Беларускага Палесся

У гістарычным цэнтры горада, каля гарадскога парку, паўнаводная рака Піна і адна з найбуйнейшых рэк Беларусі Прыпяць эфектна злучаюцца і падзяляюцца зноў.

Экскурсійная група прагулялася па маляўнічай набярэжнай.

 

5. Ля набярэжнай
6. Мост праз раку Піна
7. Прагулка па набярэжнай

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі – адна з галоўных славутасцяў Пінска і важная каталіцкая святыня Беларусі, пабудаваная ў стылі барока ў 1706–1730 гадах. На алтарных сценах храма можна знайсці ўнікальныя фрэскі – «Пакланенне вешчуноў» і «Пінскую мадону» пэндзля Альфрэда Рэмера. Невялікую экскурсію па касцёле правёў для гасцей айцец Ануфрый, манах Ордэна Святога Паўла Першага Пустэльніка.

Ўнутранае ўбранне храма і гук аргана нікога не пакінулі абыякавым.

 

8. Ля ўваходу ў касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
9. Агляд касцёла
10. Інтэр’ер касцёла
11. Пад скляпеннямі касцёла
12. Работнікі НГА Беларусі ля алтарнай часткі касцёла
13. Арган у касцёле

Самая старажытная вуліца Пінска, першапачаткова вядомая пад мноствам назваў (вялікая Спаская, вялікая Францысканская, вялікая Кіеўская, Касцюшкі), з 1939 года называецца вуліцай Леніна. Яна заўсёды была цэнтрам гарадскога жыцця, дзе размяшчаліся лепшыя дамы, банкі, крамы і гасцініцы. Кожны будынак на вуліцы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю з узорамі архітэктуры канца XIX – пачатку XX стагоддзя.

Наша група з задавальненнем прайшлася па старадаўняй вуліцы. Кожны спрабаваў захаваць сябе на фоне славутасцяў гэтага ўтульнага і гасціннага горада.

 

14. Палац Матэвуша Бутрымовіча. У цяперашні час – аддзел ЗАГС Пінскага гарвыканкама
15. У кляштара францысканцаў
16. Кіраўніцтва НГА Беларусі
17. Калектыў НГА Беларусі

Дарэчы, у самым цэнтры пешаходнай вуліцы размяшчаецца ўтульная пякарня, у якой можна паспрабаваць не што іншае, а самыя сапраўдныя чэшскія булачкі з здобнага тэсту з духмянай абсыпкай з карыцы, арэхаў і цукру – трдэльнік (або трдло).

 

18. Кавярня «ТРДЛО»
19. Смачны трдэльнік

Захапляльнай часткай падарожжа стала знаёмства з галоўнай турыстычнай «жамчужынай» Іванаўскага раёна – рэгіянальным музеем народнай творчасці ў мястэчку Моталь. Менавіта тут жыў першы прэзідэнт дзяржавы Ізраіль Хаім Вейцман. А яшчэ Моталь называюць кулінарнай сталіцай Палесся. У мясцовым музеі народнай творчасці сабраны ўнікальныя экспанаты, выстаўленыя ў тэматычных экспазіцыях па гісторыі мястэчка, яго рамёствах, вопратцы, абрадах, народных традыцыях і г. д.

Экскурсія па музеі і канцэртна-абрадавая праграма «Жывы гук» дазволілі пагрузіцца ў своеасаблівую культуру палешукоў, а багатая дэгустацыя «Мотальскія прысмакі» ўзмацніла гэтыя ўражанні.

 

20. У Мотальскім музеі народнай творчасці
21. Агляд экспазіцыі музея
22. Макет ткацкага станка
23. Канцэртна-абрадавая праграма «Жывы гук»

Знаёмства з багатай культурнай спадчынай і цудоўнымі краявідамі Палесся пакінула незабыўныя ўражанні і зарадзіла бадзёрасцю і аптымізмам.