Адкрыццё ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь другой дакументальнай выставы з цыкла «Добраўпарадкаванне краіны праз прызму часу»
25 кастрычніка 2025 г. ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адкрылася другая дакументальная выстава з цыкла «Добраўпарадкаванне краіны праз прызму часу».
Нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя нанеслі непапраўную шкоду народнай гаспадарке БССР. Ужо ў кастрычніку 1944 г. ў горадзе Мiнске прайшоў першы нядзельнік, у якім прынялі ўдзел каля 33 тысяч жыхароў. За адзін дзень было разабрана, ачышчана і выкладзена ў штабелі 1,3 мільёна цаглін, сабрана больш за тону розных будаўнічых матэрыялаў, нарыхтавана каля 2 тысяч кубаметраў друзу.
У 1946 г. у БССР быў прыняты закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946 – 1950 гг. Беларусь сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі: недахоп кадраў, затрымка паставак тэхнікі, энергетычных магутнасцяў, міжнароднай дапамогі, якая ішла з самых розных месцаў (акрамя рэпарацый, рэсурсы прыходзілі з іншых савецкіх рэспублік).
У 1951 – 1955 гг. у БССР увайшлі ў строй 150 буйных прамысловых прадпрыемстваў і больш за 200 сярэдніх і дробных: Мінскія падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, радыёзавод, завод ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат, завод швейных машын у Оршы, цукровы завод у Скідзелі, Віцебская шаўкаткацкая фабрыка і іншыя. За гады пяцігодкі валавы аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся больш чым удвая, пры гэтым працягваўся пераважны рост цяжкай індустрыі.
У 1960-х гг. паскоранымі тэмпамі развіваліся прыборабудаванне, электроніка, радыёэлектроніка, машынабудаванне. Была ўведзена ў строй Бярозаўская электрастанцыя, што дало магчымасць стварыць адзіную беларускую энергасістэму. Пачалі працу Першы калійны камбінат у Салігорску, Гродзенскі азотнатукавы, Наваполацкі нафтаперапрацоўчы заводы і шэраг іншых буйных прадпрыемстваў.
У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. у Беларусі назіраўся актыўны рост дачных пасёлкаў, якія будаваліся хаатычна, без адзінага плана. У гэты перыяд часу праводзіліся работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, будаўніцтве і рамонце дарог, азеляненні тэрыторый, стварэнні зон адпачынку. Шмат увагі надавалася пытанням азелянення, стварэнню і падтрыманню зялёных зон у гарадах і пасёлках
НАРБ прадставіў на выставе сапраўдныя архіўныя дакументы за 1945 – 1990 гг.: пастанова ЦК КП(б) Беларусі аб працоўным удзеле насельніцтва Мінска ў аднаўленні горада ў 1944 г.; пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў Беларускай ССР аб павышэнні якаснага ўзроўню забудовы і добраўпарадкавання горада Мінска, тытульны спіс ізноў пачынаемых аб’ектаў на добраўпарадкаванне вуліц у 1971 – 1975 гг.; Распараджэнне Савета Міністраў аб выдзяленні аблвыканкамам сродкаў на добраўпарадкаванне гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, аб выдзяленні сродкаў Мінскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю і аднаўленне Палацава-паркавага ансамбля ў г.Нясвіжы, і іншыя дакументы.
З выставай азнаёміліся работнікі архіва і шматлікія наведвальнікі чытальнай залы НАРБ.
Год добраўпарадкавання закліканы аб’яднаць намаганні дзяржавы і грамадства па далейшым паляпшэнні якасці жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.
![]() |
| 1. Загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка знаёміць з выставай работнікаў архіва |
![]() |
| 2. Работнікі архіва знаёмяцца з дакументальнай выставай |
![]() |
| 3. Работнікі архіва знаёмяцца з дакументальнай выставай |
![]() |
| 4-6. Архіўныя дакументы, прадстаўленыя на выставе |
![]() |
![]() |





