Аб удзеле вучоных БелНДІДАС у навуковых мерапрыемствах расійскіх архівістаў

У перыяд з 7 па 14 кастрычніка работнікі БелНДІДАС у фармаце анлайн прынялі ўдзел у шэрагу навуковых мерапрыемстваў, арганізаваных расійскімі архівістамі.

7—11 кастрычніка 2025 г. у г.Санкт-Пецярбургу прайшоў Чацвёрты архіўны з’езд, прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Архіўны з’езд быў арганізаваны Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам пры падтрымцы Федэральнага архіўнага агенцтва (Расархіў), Расійскага таварыства гісторыкаў-архівістаў, архіва РАН, Усерасійскага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы (УНДІДАС), Санкт-Пецярбургскага інстытута гісторыі РАН.

7 кастрычніка 2025 г. на другім пленарным пасяджэнні «Архівы. Дакументы. Тэхналогіі» даклады прадставілі дырэктар БелНДІДАС кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.Я.Рыбакоў («Электронныя дакументы: праблемы, рашэнні, перспектывы») і загадчык аддзела археаграфіі інстытута кандыдат гістарычных навук В.С.Пазднякоў («Праблемы публікацыі навукова-тэхнічных дакументаў»).

9 кастрычніка 2025 г. на секцыі «Архівы і грамадства: узаемадзеянне і ўзаемаўспрыманне» з дакладам «Ахова архіўных дакументаў ад плесневых грыбоў» выступіла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства БелНДІДАС кандыдат біялагічных навук І.А.Ганчарова. Старшы навуковы супрацоўнік гэтага ж аддзела Л.Ч.Дрожжа ў гэты ж дзень прыняла ўдзел у рабоце секцыі «Гісторыя Расіі і замежжа ў дакументах» і прадставіла даклад «Агляд крыніц для вывучэння польска-савецка-германскіх адносін у 1932—1939 гг. (польскія і беларускія дакументы)».

10 кастрычніка 2025 г. у рамках Чацвёртага архіўнага з’езда ў г.Выбаргу (Ленінградская вобласць) адбыўся Расійска-беларускі круглы стол па абмене вопытам работы па прыярытэтных напрамках архіўнай дзейнасці. На тэматычнай пляцоўцы №4 даклад «Рэстаўрацыя архіўных дакументаў на папяровых носьбітах» прадставіла І.А.Ганчарова. На тэматычнай пляцоўцы №5 «Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у архіўнай справе» з дакладам «Перспектыўныя напрамкі выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту ў архіўнай справе» выступіла старшы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства БелНДІДАС кандыдат гістарычных навук, дацэнт З.В.Антановіч.

14 кастрычніка 2025 г. адбыўся Круглы стол з міжнародным удзелам «Дакументазнаўства і архівазнаўства ва ўмовах глабальных выклікаў стагоддзя». Круглы стол быў арганізаваны факультэтам архівазнаўства і дакументазнаўства Гісторыка-архіўнага інстытута Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта. У працы круглага стала прыняў удзел А.Я.Рыбакоў, які выступіў з дакладам «Ключавыя задачы дакументазнаўцаў і архівістаў у рамках распрацоўкі адзінай сістэмы электроннага дакументаабароту».

Удзел вучоных БелНДІДАС у рабоце навуковых форумаў дазволіў абмяняцца вопытам з расійскімі калегамі па актуальных пытаннях развіцця архіўнай справы і кіравання дакументамі, прадставіць падыходы Рэспублікі Беларусь да вырашэння праблемных пытанняў, вызначыць перспектывы далейшага супрацоўніцтва.

 

Падчас пленарнага паседжання Чацвёртага Архіўнага з’езда