Работнікі БДАМЛМ наведалі вернісаж міжнароданага праекта «Літаратары на ваенных шляхах»

9 кастрычніка 2025 г. работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі ўрачыстае адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта «Літаратары на ваенных шляхах», прысвечанага 80-годдзю Вялікай Перамогі, якое адбылося ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Выстава «Літаратары на ваенных шляхах» – плён супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя прадметы 1940-х гадоў, якія распавядаюць пра побыт, творчую і грамадскую дзейнасць народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама іх родных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, выстава прадстаўляе франтавыя шляхі дзесяці пісьменнікаў і паэтаў, чый лёс звязаны з заснаваннем і развіццём Калінінградскай вобласці.

Падчас вернісажу работнікі БДАМЛМ перадалі ў дар музею Янкі Купалы кнігу «Породнённые войной и целиной» – сумесны зборнік дакументаў, лістоў, перакладаў і артыкулаў. Гэта выданне з’яўляецца вынікам плённага супрацоўніцтва БДАМЛМ, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Казахстана.

Наведванне выставы «Літаратары на ваенных шляхах» стала важным і цікавым вопытам для работнікаў БДАМЛМ, якія займаюцца захаваннем і папулярызацыяй літаратурнай спадчыны.

 

1. Работнікі БДАМЛМ падчас наведвання вернісажа «Літаратары на ваенных шляхах»
2. Азнаямленне з дакументамі на экспазіцыі «Літаратары на ваенных шляхах»
3. А.С.Макарычаў, навуковы супрацоўнік Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея, прадстаўляе сегмент, прысвечаны 80-годдзю Усходне-Прусскай аперацыі
4. Выступленне загадчыцы аддзела В.В.Бірулі з уручэннем кнігі «Породнённые войной и целиной»