Дакументальная выстаўка «Тэатр, дзе нараджаюцца мары»

11 верасня 2025 года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача адкрылася дакументальная выстава «Тэатр, дзе нараджаюцца мары». Выстаўка арганізавана Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатрам юнага гледача, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў рамках адкрыцця 70-га юбілейнага сезона Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача».

Што такое тэатр юнага гледача? Гэта першы ў жыцці паход у тэатр, ад якога замірае сэрца. Гэта месца, дзе ўпершыню дакранаешся да вялікай сілы мастацтва, дзе казка становіцца быллю, а складаныя гісторыі пра каханне, сяброўства і выбар дапамагаюць зразумець сябе і навакольны свет. На працягу 70 гадоў тэатр юнага гледача далікатна і смела вядзе дыялог з новымі пакаленнямі, становячыся для іх правадніком у свет вечных каштоўнасцяў і актуальных сэнсаў.

Дадзеная экспазіцыя – гэта падрабязны і захапляльны аповед пра жыццё тэатра, расказаны праз прызму архіўных дакументаў і мастацкіх кніг.Глядач можа здзейсніць падарожжа ў часе на дзесяцігоддзi назад, убачыўшы, як мяняўся рэпертуар, але нязменнай заставалася галоўная місія тэатра – быць важным інструментам у станаўленні дзіцяці. Тут суседнічаюць п’есы, з якіх пачыналіся легендарныя пастаноўкі, і крытычныя артыкулы ў часопісах, афіцыйныя справаздачы пра гастролі і кранальныя дакументы пасляваеннага адраджэння тэатра ў 1955 годзе.

Экспазіцыя прадстаўлена двума раздзеламі: старонкі гісторыі тэатра і рэпертуарная хроніка. На выстаўцы можна ўбачыць кнігі пра заснаванне і дзейнасць тэатра, фатаграфіі будынка, корпус матэрыялаў, звязаных з архітэктарамі будынка ТЮГа – А.Воінавым і Л.Усавай, літаратурныя крыніцы знакавых пастановак розных гадоў, таксама архіўныя матэрыялы: пастановы, распараджэнні, рэпертуарны план і іншыя.

Кожны дакумент – гэта не проста сведчанне часу, але і жывы голас тых, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню вялікай мэце – нараджэнню мараў у дзяцей. Гэта гісторыя, расказаная не словамі, а сапраўднымі артэфактамі, кожны з якіх захоўвае цеплыню рук і энергію эпохі сваіх стваральнікаў.

 

1. Святочныя мерапрыемствы да 70-годдзя Тэатра юнага гледача
2. Святочныя мерапрыемствы да 70-годдзя Тэатра юнага гледача
3. Загадчык аддзела Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М.А.Старасценка прадстаўляе архіўныя дакументы, прысвечаныя юбілею Тэатра
4. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Р.I.Чарнецкі знаёміцца з экспазіцыяй выставы
5. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе ў ТЮГу
6. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе ў ТЮГу
7. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе ў ТЮГу
8. Наведвальнікі знаёмяцца з архіўнымі дакументамі
9. Наведвальнікі знаёмяцца з архіўнымі дакументамі
10. Музейныя экспанаты дапоўнілі дакументальную выставу
11. Музейныя экспанаты дапоўнілі дакументальную выставу