Удзел БДАМЛМ у Дні беларускага пісьменства

 

6 і 7 верасня 2025 года Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, які сёлета прымала Ліда.

Загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ В.В.Біруля і вядучы архівіст Н.А.Мізон прадставілі ўвазе гасцей і ўдзельнікаў свята банэрную выставу «Народныя пісьменнікі Беларусі», падрыхтаваную на аснове фондаў архіва-музея.

На пляцоўцы, якая прадстаўляла Мінск, разгарнулася маштабная экспазіцыя навінак беларускага кнігадрукавання, гучалі вершы і песні ў аўтарскім выкананні сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Наталля Аляксандраўна Мізон выступіла з дакладам аб значэнні архіўных дакументаў у захаванні духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі, падкрэсліўшы іх неацэнную ролю ў вывучэнні і папулярызацыі беларускай літаратуры.

Наведвальнікі свята з вялікай цікавасцю знаёміліся з прадстаўленымі на выставе архіўнымі матэрыяламі, якія адлюстроўваюць жыццё і творчасць класікаў беларускай літаратуры. Унікальныя дакументы выклікалі жывы водгук і дазволілі дакрануцца да гісторыі беларускага пісьменства.

Удзел БДАМЛМ у Дні беларускага пісьменства стаў важнай падзеяй, якая садзейнічала папулярызацыі беларускай літаратуры і архіўнай справы. Гэтае свята з’яўляецца сімвалам умацавання духоўных каштоўнасцей, вучыць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць свой край і паважаць продкаў.

 

1. Загадчык аддзела В.В.Біруля і вядучы архівіст Н.А.Мізон прэзентавалі банэрную выставу «Народныя пісьменнікі Беларусі»
2. Выступ Н.А.Мізон на Дні беларускага пісьменства
3. Дырэктар ААТ «Белкніга» У.У.Матусевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А.М.Карлюкевіч, вядучы архівіст Н.А.Мізон
4. БДАМЛМ на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе
5. Госці свята знаёмяцца з экспазіцыяй БДАМЛМ
6. Юныя ўдзельнікі свята ў Лідзе
7. Наведвальнікі вывучаюць матэрыялы выставы «Народныя пісьменнікі Беларусі»