Віртуальная выстава «Генадзь Цітовіч — руплівы даследчык народнай творчасці»

7 жніўня 2025 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння харавога рэжысёра і музыказнаўца, стваральніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Генадзя Іванавіча Цітовіча. Яго імя добра знаёма аматарам беларускай народнай песні.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) захоўваецца фонд №393 Генадзя Іванавіча Цітовіча, у якім адклаліся арыгінальныя рукапісы, запісы фальклорных экспедыцый, неапублікаваныя кароткія нататкі, канспекты лекцый – усяго болей за дзве тысячы дакументаў. Усе яны былі перададзены пасля яго смерці ў 1986 г. удавой Вольгай Мацвееўнай.

Г.І. Цітовіч быў сынам сельскага настаўніка. Вышэйшыя прыродазнаўчую, гуманітарную і музычную адукацыі ён атрымаў у Вільні ў 1930-я гг., калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Для маладога студэнта Віленскага ўніверсітэта і Віленскай кансерваторыі даследаванне народнага мастацтва стала перш за ўсё пошукам сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і крыніцай асабістага натхнення. У архіве-музеі захоўваюцца яго запісы беларускіх песен, сабраныя у 1937 г. у вёсцы Войдаты каля Вільні, а таксама ўніверсітэцкае пасведчанне 1939 г. з дазволам праводзіць этнаграфічныя даследаванні.

З 1946 г. Г.І.Цітовіч пачаў актыўна удзельнічаць у этнаграфічных экспедыцыях, арганізаваных Акадэміяй навук. Гэты занятак ён сумяшчаў з працай на радыё, у розных установах культуры, у створаным ім у 1952 г. Народным хоры БССР. Акрамя таго, ён займаўся навукова-тэарэтычнай і педагагічнай дзейнасцю.

Этнаграфічныя запісы Генадзя Іванавіча ўтрымоўваюць перш за ўсё музычную і песенную спадчыну, а таксама прымаўкі і прыказкі, успаміны пра народныя абрады. У 1974 — 1975 гг. Г.І.Цітовіч працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Яго параўнаўчыя даследаванні народнага фальклору розных народаў Усходняй Еўропы з’яўляюцца ўзорам эрудыцыі для сучасных маладых вучоных.

Мы спадзяемся, што віртуальная выстава дакументаў «Генадзь Цітовіч — руплівы даследчык народнай творчасці», падрыхтаваная БДАМЛМ да дня нараджэння вялікага майстра, адлюструе чалавечае і творчае даследчыцкае багацце гэтага сапраўды незвычайнага чалавека.