Акцыя «Архівы – школе»
Штогод у перыяд летніх канікулаў архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці пры садзейнічанні аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама прымае ў сваіх сценах навучэнцаў гімназій і сярэдніх школ горада Гродна.
2025 год прынёс новаўвядзенні як для супрацоўнікаў архіва, так і для школьнікаў – архіў пераехаў у новы будынак, дзе архівісты з радасцю прынялі юных наведвальнікаў.
Для вучняў былі праведзены азнаямленчыя заняткі аб дзейнасці архіва, складзе дакументаў, якія захоўваюцца, магчымасці пошуку неабходнай інфармацыі. Супрацоўнікі архіва распавялі, як адбываецца адбор дакументаў для розных мэт, прадэманстраваўшы гэта на прыкладзе дакументальнай выставы «І няхай пакаленні памятаюць..»., прысвечанай 80-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У гонар святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дэманстраваліся відэафільмы, падрыхтаваныя ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» – «Вызваленне. Гродна», «Без тэрміна даўнасці. Дзеці вайны»; «Хатынь. Незгасальны агонь памяці». Таксама дзяцей зацікавілі ролікі, якія распавядаюць аб тым, як праводзілі свае вакацыі дзеці ў далёкія пасляваенныя гады – «Гісторыя ажывае ў кадры. Школьныя гады цудоўныя!»; «Гісторыя ажывае ў кадры. Ура! Вакацыі!».
Архівісты паказалі асобныя моманты правядзення навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў, расказалі пра важнасць забеспячэння захаванасці дакументаў на ўсіх этапах іх стварэння.
Архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці выказвае падзяку аддзелу адукацыі Гродзенскага гарвыканкама за аказанае садзейнічанне ў арганізацыі акцыі «Архівы – школе», а таксама выкладчыцкаму складу навучальных устаноў горада Гродна, якія актыўна прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемстве.
На фота: Супрацоўнікі архіва праводзяць азнаямленчыя заняткі для навучэнцаў прышкольных лагераў.
![]() |
![]() |
![]() |


