Міжнародны тыдзень архіваў у Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці

9 чэрвеня штогод адзначаецца Міжнародны дзень архіваў. У гэты дзень у 1948 годзе пад эгідай ЮНЕСКА была заснавана Міжнародная рада архіваў. У рамках святкавання ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці прайшлі разнастайныя мерапрыемствы.

Наведвальнікам чытальнай залы і супрацоўнікам установы была прадстаўлена выстава архіўных дакументаў «У парк хадзем гуляць з сям’ёй!», прысвечаная Міжнароднаму дню абароны дзяцей і 220-годдзю з дня адкрыцця Цэнтральнага дзіцячага парку ім. М. Горкага.

Для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага лінгвагуманітарнага каледжа, якія праходзяць практыку на базе дзяржархіва, быў праведзены майстар-клас па рэстаўрацыі дакументаў «Архіўная майстэрня». Таксама практыканты сустрэліся з маладымі спецыялістамі, абмяняліся ўражаннямі аб практыцы і рабоце ў архіве. У сяброўскай гутарцы навучэнцы каледжа задавалі пытанні, якія іх цікавілі, а таксама атрымалі парады ад старэйшых калегаў. Напрыканцы сустрэчы быў прадстаўлены фільм «Гісторыя Вялікай Перамогі», падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў пры падтрымцы Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Маладыя спецыялісты дзяржархіва, а таксама навучэнцы лінгвагуманітарнага каледжа прынялі ўдзел у тэматычнай віктарыне «Архівы і справаводства». Падзяліўшыся на каманды, удзельнікі адказвалі на пытанні, успамінаючы ключавыя моманты справаводства і асаблівасці камплектавання архіваў і захоўвання дакументаў.

 

1-3. Мерапрыемствы ў рамках Міжнароднага тыдня архіваў