Супрацоўнікі Дзяржархіва Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у Міжнародным навукова-практычным круглым стале «Вялікая Айчынная вайна: подзвіг, памяць, боль» (да 80-годдзя Вялікай Перамогі)

14 мая 2025 года ў сценах Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) прайшоў Міжнародны навукова-практычны круглы стол «Вялікая Айчынная вайна: подзвіг, памяць, боль» (да 80-годдзя Вялікай Перамогі).

Мерапрыемства арганізавана ВДТУ у супрацоўніцтве з кафедрай гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. На мерапрыемстве было прадстаўлена больш за 30 дакладаў даследчыкаў з Віцебска, Мінска, Гомеля, Полацка, Быхава, Горак, Валгаграда, Пскова, Омска і Сыктыўкара.

На круглым стале прысутнічалі магістранты і студэнты ВДТУ.

У вочнай, завочнай і дыстанцыйнай формах у круглым стале прынялі ўдзел 7 дактароў навук, 26 кандыдатаў навук. Праблемнае поле мерапрыемства з’яўлялася дастаткова шырокім і ўключала ў сябе пералік такіх пытанняў, як крыніцазнаўства і гістарыяграфія Вялікай Айчыннай вайны, баявыя дзеянні на яе франтах, партызанская і падпольная барацьба супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нямецкая акупацыя і генацыд беларускага народа, савецкі тыл.

Супрацоўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці расказалі аб унікальных дакументах і фотаматэрыялах перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія раскрываюць новыя факты аб баявых дзеяннях франтоў, вызваленні Беларусі і аднаўленні яе эканомікі ў пасляваенныя гады.

Ад Дзяржархіва Віцебскай вобласці ў мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік дырэктара Буевіч Таццяна і вядучы архівіст Мясаедава Святлана. Буевіч Таццяна агучыла даклад на тэму «Адкрыты кінаархіў. Гэты дзень мы набліжалі як маглі», як адна з формаў працы Дзяржархіва Віцебскай вобласці па папулярызацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.)» з паказам фільмаў «Вызваленне Віцебска» і «Гісторыя Вялікай Перамогі», падрыхтаваных БДАКФФД.

У працэсе выступлення была агучана адна з методык падачы хроніка-дакументальнага матэрыялу праз квэст, складзены па фільме «Гісторыя Вялікай Перамогі». У канцы былі агучаны пераможцы, якія атрымалі падарункі – кнігі, выдадзеныя Дзяржархівам Віцебскай вобласці аб Вялікай Айчыннай вайне.

Мясаедава Святлана агучыла даклад на тэму «Спісы-даведнікі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, складзеныя ў 1947 – 1955 гг. як крыніца па гісторыі генацыду беларускага народа».

На круглым стале была прадстаўлена банэрная выстава дакументаў «Варонка ў варонку, выдзеўбана і перакручана гэта зямля… », падрыхтаваная Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці, і праведзена рэкламная кампанія аб YouTube-канале БДАКФФД.

 

1. Удзельнікі Міжнароднага навукова-практычнага круглага стала «Вялікая Айчынная вайна: подзвіг, памяць, боль» (да 80-годдзя Вялікай Перамогі) глядзяць фільм «Гісторыя Вялікай Перамогі».
2. Удзельнікі круглага стала разгадваюць тэст па фільме «Гісторыя Вялікай Перамогі».
3–4. Падчас мерапрыемства.
5. Банерная выстаўка дакументаў «Варонка ў варонку, выдзеўбаная і перакручаная гэтая зямля…», падрыхтаваная Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці.
6. На круглым стале «Вялікая Айчынная вайна: подзвіг, памяць, боль» (да 80-годдзя Вялікай Перамогі) праведзена рэкламная кампанія аб YouTube-канале БДАКФФД, а пераможцам квэста «Гісторыя Вялікай Перамогі» ўручаны выданні Дзяржархіва Віцебскай вобласці па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.