Адкрыццё выставы «Кожная роля – галоўная» да 120-годзя народнай артысткі Беларусі Стэфаніі Станюты

13 мая 2025 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Кожная роля – галоўная» да 120-годзя народнай артысткі Беларусі Стэфаніі Станюты.

Дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка выступіла перад прысутнымі з вітальным словам і адзначыла важнасць захавання дакументальнай спадчыны актрысы для даследаванняў. Калегі Стэфаніі Міхайлаўны – народныя артысткі Беларусі Марыя Захарэвіч і Зінаіда Зубкова падзяліліся цёплымі ўспамінамі пра Стэфанію, распавялі пра яе ўзвышанасць і адначасова чалавечую прастату. Былі расказаны шматлікія гісторыі з тэатральнага жыцця, якія адкрывалі Стэфанію Станюту ў розных ролях і сяброўскіх стасунках з акцёрамі Купалаўскага тэатра. Тэатразнаўца і кінакрытык Нэлі Крывашэева ўзнавіла перад прысутнымі вялікі пералік роляў актрысы, расказала пра павагу да яе з боку вядомых артыстаў.

На мерапрыемстве Нэлі Абрамаўна перадала ў фонды архіва-музея самаробныя ўпрыгожванні, якія былі зроблены уласнымі рукамі Стэфаніі Станюты. Яны дапоўняць калекцыю музейных прадметаў у фондзе актрысы. Куратар выставы Наталля Мізон акцэнтавала ўвагу прысутных на прадстаўленых дакументах, якія сведчаць пра складаны і цікавы лёс Стэфаніі Станюты. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя вялікай актрысы: брат Уладзімір Міхайлавіч Станюта, нявестка Ірына Аляксееўна Міхайлава-Станюта, унук Дзмітрый Аляксандравіч Станюта. Яны падзяляліся сямейнымі ўспамінамі.

Атмасфера ў перапоўненай зале БДАМЛМ нагадвала тэатральны аншлаг, дзякуючы прыхільнікам таленту Стэфаніі Станюты.

 

1. Куратар выставы Наталля Мізон
2. Падчас адкрыцця выставы «Кожная роля – галоўная»
3. Дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка
4. Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова
5. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч
6. Тэатразнаўца і кінакрытык Нэлі Крывашэева
7. Родныя Стэфаніі Станюты з дырэктарам БДАМЛМ