Віктарына «Славе – не меркнуть. Традициям – жить» сярод працаўнікоў рэспубліканскіх архіўных устаноў

Напярэдадні 80-годдзя Перамогі 6 мая 2025 года адбылася віктарына «Славе – не меркнуть. Традициям – жить» сярод працаўнікоў рэспубліканскіх архіўных устаноў. Ідэя правядзення інтэлектуальнай гульні, прысвечанай тэме Вялікай Айчыннай вайны, была замацавана рашэннем калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Арганізатарам віктарыны выступіў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.

Перад пачаткам спаборніцтва ўдзельнікі мерапрыемства былі запрошаны на канцэрт «Каб пакаленні памяталі…», падрыхтаваны творчымі калектывамі ДУА «Сярэдняя школа №27 г.Мінска». Пранізліва і праўдзіва юныя артысты казалі і спявалі аб вайне, аб міры, аб далікатным чалавечым шчасці!

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў і дырэктар ДУА «Сярэдняя школа №27 г.Мінска» М.Б.Міхайлічэнка звярнуліся да ўдзельнікаў мерапрыемства з прывітальнымі словамі. Кіраўнікі ў сваіх выступленнях гаварылі аб значнасці захавання дакументальнай спадчыны і гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, аб патрыятычным выхаванні і любві да Радзімы, аб развіцці супрацоўніцтва паміж архівістамі і ўстановамі адукацыі.

У віктарыне спаборнічалі 6 каманд:

«Непокоренные» – Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь;

«Факел победы» – Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі;

«Дети архивных кадров» – Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў;

«НАДО! Наука.Архивы.Документы.Отечество» – Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы;

«Цифровизатор» – Беларускага цэнтра цыфравізацыі архіўнай дзейнасці;

Аб’яднаная каманда – Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.

Трэба адзначыць, што глыбокія веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадэманстравалі ўсе каманды. Аднак прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:

3 месца – Аб’яднаная каманда;

2 месца – каманда «Цифровизатор»;

1 месца – каманда «Дети архивных кадров».

Віншуем пераможцаў! Спадзяемся, што інтэлектуальная віктарына стане новай добрай традыцыяй архіўнай службы.

Асаблівую падзяку ўдзельнікі мерапрыемства выказваюць навучэнцам і педагогам ДУА «Сярэдняя школа №27 г.Мінска» за гасціннасць, дапамогу ў арганізацыі віктарыны і кранальны канцэрт!

 

1-3. Творчыя калектывы ДУА «Сярэдняя школа №27 г.Мінска»
4. Удзельнікі віктарыны падчас канцэрта «Каб пакаленні памяталі…»
5. А.Л.Воінаў і М.Б.Міхайлічэнка выступаюць з прывітальным словам да ўдзельнікаў віктарыны
6. Падчас віктарыны
7. Падліковая камісія
8. А.Л.Воінаў віншуе М.Гарэліка, капітана каманды – пераможцы «Дети архивных кадров» (БДАКФФД) (БГАКФФД)
9. Удзельнікі віктарыны «Славе – не меркнуть. Традициям – жить»