Выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці

10 сакавіка 2025 года ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея, Рэспублікі Беларусь, адкрыўся выставачны праект, прымеркаваны да Дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы. Да ліку галоўных прынцыпаў, замацаваных у Канстытуцыі нашай дзяржавы, адносіцца: вяршэнства права; гарантыя і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна; дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады. Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны вопыт фарміравання прававой сістэмы і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці.

27 лютага 2022 года ў нашай краіне адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. За прыняцце рашэння па вынесеным на рэферэндум пытанні прагаласавала 82,86% грамадзян, гэта значыць большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.

Выставачны праект, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адлюстроўвае храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі, распавядае аб ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі 1994 года, унясенні ў яе змяненняў і дапаўненняў у сувязі са імкліва зменяючыміся палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі рэаліямі.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіў на выставе: копіі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь розных гадоў; Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года «Аб парадку ўступлення ў сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»; пратаколы пасяджэння рабочай групы Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР; пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнні»; пратаколы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і інш. дакументы.

У экспазіцыі таксама прадстаўлены друкаваныя выданні са збору Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Госці выставы змаглі азнаёміцца з дакументамі, якія адлюстроўваюць дзейнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь. Выстава падрабязна раскрывае асноўныя палажэнні дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе ролю і месца ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны.

 

1. Афіша выставы
2. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь
3. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе
4. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе
5. Архіўныя дакументы на выставе ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці
6. Архіўныя дакументы на выставе ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці