Аб правядзенні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» круглага стала, прысвечанага дню Памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў
11 лютага 2025 г. у чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» у рамках пілотнага праекта «Архівы – школе» адбыўся круглы стол «Апаленыя агнём Афганістана», прысвечаны дню Памяці воінам-інтэрнацыяналістам, які штогод праводзіцца 15 лютага.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Андрэй Гуржы, дырэктар Гомельскага абласнога архіва Юрый Шастапалаў, старшыня Навабеліцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Любоў Ткач, старшыні раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз афіцэраў» >Юрый Лебедзяў, Савета ветэранаў Навабеліцкага раёна Уладзімір Козыраў, ваенны кіраўнік ДУА «Сярэдняя школа №1 г.Гомеля Максім Буланчыкаў, ганаровыя госці – удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане падпалкоўнік Мікалай Лісагурскі, старшы лейтэнант Міхаіл Дзенісенка, сяржант Пётр Паплеўка, навучэнцы сярэдняй школы №1 і супрацоўнікі архіва.
Дырэктар архіва Юрый Шастапалаў расказаў аб тым, што 15 лютага – Дзень памяці воінаў – інтэрнацыяналістаў у Беларусі. Памяць аб людзях, якія бралі ўдзел у складанай афганскай вайне, якая доўжылася 9 гадоў, ушанавана ўказам Прэзідэнта Беларусі ў сакавіку 1998 года. Каля 30 тысяч воінаў – радавых і афіцэраў прайшлі праз горан афганскай вайны, з якіх не вярнулася дадому 735 чалавек. Гэты канфлікт – спалучэнне трагедыі і гераізму. Памятаць нашых герояў, якія абаранялі паўднёвыя рубяжы і выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, мы абавязаны.
Любоў Ткач расказала навучэнцам аб беларусах – героях Афганскай вайны. Гэта пяць ураджэнцаў Беларусі: гвардыі радавы Андрэй Аляксандравіч Мельнікаў, гвардыі старшы сяржант Мікалай Пятровіч Чэпік, афіцэр спецназа ГРУ Яўген Георгіевіч Сяргееў, камбат 345 гвардзейскага асобнага парашутна-дэсантнага палка Васіль Васільевіч Піменаў, маёр, камандзір верталётнай эскадрыллі Васіль Васільевіч Шчарбакоў.
Госці – удзельнікі афганскай вайны ўспаміналі, што ў гэты дзень у 1989 годзе апошняя калона савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю Афганістана. Дзевяць гадоў і пяцьдзесят адзін дзень працягваліся жорсткія бітвы ў чужым краі. У неймаверна цяжкіх умовах баявога жыцця, кожную гадзіну падвяргаючыся смяротнай небяспецы, савецкія салдаты захоўвалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму абавязку. Дзень Памяці воінам-інтэрнацыяналістам – гэта даніна ўсім тым, хто ваяваў і загінуў, хто вярнуўся, але не дажыў да сённяшняга дня, для каго словы абавязак і гонар былі галоўнымі ў жыцці.
Падводзячы вынікі круглага стала Андрэй Гуржы звярнуўся да вучняў са словамі аб неабходнасці вывучэння гісторыі Беларусі, крытычнага асэнсавання гістарычных фактаў, недапушчэння фальсіфікацыі і перапісвання, што па сутнасці з’яўляецца захаваннем гістарычнай спадчыны нашай краіны.
У заключэнні, удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх герояў Афганскай вайны, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак.
![]() |
1. Выступленне дырэктара архіва Ю.Шастапалава |
![]() |
2. Старшыня Навабеліцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Любоў Ткач расказвае навучэнцам пра герояў-інтэрнацыяналістаў Беларусі. |
![]() |
3. Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане расказваюць аб ваенных падзеях |
![]() |
4. Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане адказваюць на пытанні навучэнцаў |
![]() |
5. Ганаровыя госці і арганізатары круглага стала «Апаленыя агнём Афганістана» |
![]() |
6.Удзельнікі мерапрыемства |