Прэзентацыя выставы «Лёс свой прадбачыць» да 65-годдзя акцёра Андрэя Андрэевіча Душачкіна

10 лютага 2025 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыліся юбілейны вечар і прэзентацыя выставы «Лёс свой прадбачыць», падрыхтаваных да 65-годдзя акцёра тэатра і кіно, педагога, літаратара, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Андрэевіча Душачкіна.

Вядучым мерапрыемства з’яўляўся сам юбіляр – А.А.Душачкін, які распавёў шмат цікавых гісторый, звязаных з жыццём Душачкіных-Клімавых, выконваў урыўкі з тэатральных пастановак і чытаў вершы ўласнага сачынення.

Са словамі віншавання юбіляра выступіла дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка. Яна адзначыла, што «гэта мерапрыемства – даніна павагі таленту А.А.Душачкіна і памяці яго маці — знакамітай актрысы, народнай артысткі СССР А.І. Клімавай».

На прэзентацыі сабраліся шматлікія госці, сябры і калегі акцёра: беларускі паэт, празаік, перакладчык, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў; мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ім.Горкага (далей НАДТ ім.Горкага) Сяргей Міхайлавіч Кавальчык; фатограф, фотакарэспандэнт, заслужаны журналіст Беларусі Юрый Сяргеевіч Іваноў; акцёры НАДТ ім. М.Горкага – заслужаны артыст Беларусі Эдуард Паўлавіч Гарачы, Таццяна Леанідаўна Баўкалава і Вікторыя Канстанцінаўна Кавальчык.

Выставу прадставіла вядучы архівіст архіва-музея Таццяна Віктараўна Кекелева, якая пазнаёміла гасцей з архіўнымі дакументамі з сямейнага фонду А.І.Клімавай, А.У.Карсакоўскага (Душачкіна), А.А.Душачкіна, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ.

Асаблівае месца ў экспазіцыі выставы занялі архіўныя матэрыялы, прысвечаныя народнай артыстцы СССР, актрысе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага А.І.Клімавай. Сярод найбольш цікавых экспанатаў – рукапісы Аляксандры Іванаўны, яе фатаграфіі ў ролях.

Выстава «Лёс свой прадбачыць» дае магчымасць зазірнуць у багаты свет творчай сям’і Душачкіных – Клімавых, даведацца пра невядомыя старонкі іх жыцця і адчуць атмасферу тэатральнага мастацтва.

 

1. А.А.Душачкін з М.П.Пазняковым і Т.Л.Баўкалавай
2. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка падчас віншавання юбіляра
3. Мастацкі кіраўнік НАДТ ім.Горкага С.М.Кавальчык
4. Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М.П.Пазнякоў
5. Акцёры НАДТ ім. М.Горкага – заслужаны артыст Беларусі Эдуард Паўлавіч Гарачы і Таццяна Леанідаўна Баўкалава
6. Т.В.Кекелева падчас прэзентацыі выставы «Лёс свой прадбачыць»
7. Фатограф, фотакарэспандэнт, заслужаны журналіст Беларусі Ю.С.Іваноў